Пратэсты прадпрымальнікаў працягваюцца: учора Берасце і Пінск, сёння Віцебск

video

Пратэсты дробных бізнесоўцаў супраць указу N 222, то бок абавязковай сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці, працягваюцца.

https://www.youtube.com/watch?v=orfeWrqM5VA&feature=youtu.be

На сход у горадзе над Дзвіною сабраліся больш за паўсотні прадпрымальнікаў.

«Кіраўнік краіны нас абазваў бандытамі. Так? Няхай мы станем бандытамі. Мне цікава, куды ідзе бандыт, калі яму няма чаго есці? Напэўна, у багатыя дамы. Вось няхай улады задумаюцца, куды пойдуць гэтыя бандыты, сто тысяч прадпрымальнікаў», – кажа віцебскі прадпрымальнік Сяргей.

Амаль два месяцы без працы, а значыць, і без заробкаў. Увогуле ж, паводле самых прадпрымальнікаў, іхная праблема – толькі вяршыня айсбергу таго сацыяльнага крызісу, з якім сутыкнулася Беларусь.

«Даўно прыйшоў час пераносіць гэтую праблему за межы бізнесу, а час яе пераносіць у межы працаўладкавання, беспрацоўя», – адзначае лідарка віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч.

Свой жа варыянт развязання крызіснай сітуацыі прапаноўвае абʼяднанне «Перспектыва». У прыватнасці, яго лідар Анатоль Шумчанка плануе правесці чарговы форум ІП, але гэтым разам без чыноўнікаў, закрыты для медыяў, і з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў. Але ці ёсць сэнс? Тлумачыць прадстаўнік абʼяднання Вячаслаў Піліпук:

«Гэта, як у футболе, ёсць тое, што можна паказаць на трэніроўцы, а ёсць закрытая, калі плануецца тактыка пэўная. І ты не хацеў бы, каб праціўнік ведаў твае дзеянні».

Вядома, што адно з пытанняў, якія «Перспектыва» хоча абмеркаваць у вузкім коле, – увядзенне патэнтнай сістэмы, то бок замест сертыфікатаў павышаныя падаткі. Прапанова не новая, і раней улады на яе не пагаджаліся.

У віцебскіх жа прадпрымальнікаў – свой план.

«Добра, Анатоль, збірай людзей на форум а 9-ай ці а 10-ай гадзіне раніцы, 22-га чысла. А потым мы ўжо большай колькасцю людзей пакрысе перамяшчаемся на Кастрычніцкую плошчу», – агучвае прапанову Анатолю Шумчанку віцебская прадпрымальніца.

Чарговы мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы запланаваны на бліжэйшы панядзелак, і віцебчукі там будуць, нягледзячы на запалохванні і прэсінг з боку ўладаў, які апошнім часам узмацніўся.

«Як ты ў асфальт дарогу не закладвай, парасткі пачынаюць прабівацца. Мы бачым, што людзі ўсё роўна зарганізоўваюцца. Як учора ў Пінску або ў Гомлі. Усё роўна выходзяць. Гэта не заціснуць. Трэба проста вырашаць пытанне», – кажа Вячаслаў Піліпук.

Хаця б так, кажуць гандляры: няхай 222-гі ўказ застаецца, але неабходна дадаць у яго такія пункты, якія б дазволілі людзям працаваць.

Глядзі таксама
Каментары