Пратэст перамог. Жыхары Віцебску абараніліся ад царквы


Змаганне жыхароў Віцебску за адзін з паркаў у цэнтры гораду, у якім мясцовая праваслаўная епархія хоча пабудаваць копію Сафійскага сабору, падземны офісны цэнтр і вялікі паркінг, прывяла да першай перамогі. Рэдкая для Беларусі сітуацыя, калі мясцовыя ўлады, відаць, пачулі голас пратэстоўцаў.

Гоман, папрокі ды нязручныя пытанні

У такой атмасферы адбывалася чарговая сустрэча неабыякавых да лёсу свайго гораду віцяблянаў з прадстаўніком гарадскога аддзелу архітэктуры Леанідам Багданавым. Каля ста чалавек у зале надалей не пагаджаліся з пастановаю гарадскіх уладаў пабудаваць копію Сафійскага сабору пасярод парку ў самым цэнтры гораду.

Жыхар Віцебску: «Чаму выбар месца будаўніцтва не абмяркоўваўся? Чаму выбралі месца з расліннасцю, з зялёнымі насаджэннямі, у нас што ў Віцебску пустыроў мала?»

Леанід Багданаў: «Мы не абмяркоўваем гэтым разам гэта»

Жыхары Віцебску (хорам): «А што тады мы тут абмяркоўваем?»

Чыноўнікі ўпарта не хацелі размаўляць на гэтую тэму, але людзі ўсё адно задавалі нязручныя ўладам пытанні.

Грошы скончыліся, а будову падтрымаў адзін чалавек

Жанчына з плакатам – адзіная асоба на сустрэчы, якая падтрымлівала пабудову сабору. Падтрымала моўчкі, бо слова ані разу гэтак і не ўзяла. Можа, таму, што копію Сафіі могуць гэтак і не пабудаваць. Днямі стала вядома, што грошай на паўстанне святыні няма, а чуткі пра тое, што спонсарам выступіць расейскі «Газпром», не пацвердзіліся. Дый мясцовыя ўлады не пакінулі пратэсту без увагі. Гарвыканкам запрапанаваў перанесці сабор у іншае месца і значна зменшыць агульную плошчу, якую ён будзе займаць.

Скарачэнне плошчы сабору азначае, што план духоўнікаў мець пад святыняй офісныя памяшканні, «залу ўрачыстых прыёмаў і абрадаў», «гардэробы і сталоўню з кухняю» давядзецца перагледзець, а таму і не вядома, як Віцебская епархія адрэагуе на прапанову чыноўнікаў. А вось рэакцыя на пратэст жыхароў гораду ўжо ёсць. Інтэрнэт-старонка mogilev.by публікуе прарасейскі артыкул Анатолія Шлыкава.

Чаму дзеці сатаны і Кунцэвіча пагражаюць?

«Ганенні на нас пачалі «грамадзяне свядомыя». Сцяганосцы, якія махаюць на сваіх пікетах бел-чырвона-белымі сцягамі, заявілі, што выступаюць супраць расейскіх акупантаў. Падставаю для нападак паслужыла пастанова пабудаваць у Віцебску Сафійскі сабор. Запатрабавалі яны ад нашых святароў зараз жа выбірацца ў Расею», – піша у сваім артыкуле Аляксандр Корнышаў.

Пакуль жа жыхары Віцебску хочуць аднаго: паколькі будоўлю спынілі, а пашпарт аб’екту знялі з плота, яны просяць прыбраць агароджу, што размежавала парк.

Ігар Кулей, «Белсат»

Стужка навінаў