Прасіла дапамогі ў міліцыі – паставілі на калені і збілі


«Мой зварот да вас вымушаны. Я ў адчаі, бо ні адна структура, у якую я звярталася, не знайшла парушэнняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў», – з гэткімі словамі звярнулася ў рэдакцыю belsat.eu віцяблянка Вольга Гальчэнка.

Каго беражэ віцебская міліцыя?

«Мы былі ўдома, у дзверы пагрукалі. Муж пайшоў адчыняць: ля дзвярэй стаяў Аляксандр Печань з суседняга дому і двое яго сяброў на добрым падпітку, – распавядае Вольга. – Мужа выцягнулі на вуліцу і пачалі біць, а следам і мяне. 11-гадовы сын таксама выскачыў на вуліцу і спрабаваў іх адцягнуць, але мужчыны адкідвалі яго. Не ведаю, чым бы гэта скончылася, каб не суседка, якая выйшла на ганак і пачала крычаць на іх. Мужчыны сышлі».

Суседка Галіна Малькоўская пабачыла бойку праз вакно, пазней яна выступіла сведкаю ў судзе.

Адразу пасля бойкі Вольга выклікала міліцыю. Праваахоўнікі адразу накіраваліся да крыўдзіцеляў. Праз 20 хвілінаў яны падышлі і да пацярпелых.

Вольга Гальчанка выказала ім сваё незадавальненне – бо нападнікі не былі затрыманыя. Далей адзін з міліцыянтаў павёў сабе зусім нечакана: на вачох у суседзяў Галіны Малькоўскай і Любові Бараноўскай, мужа і сына, закруціў Вользе за спіну рукі і надзеў кайданкі.

Жанчыну зачынілі ў міліцэйскай машыне, дзе яна заставалася больш за паўгадзіны. У гэты час ніхто да яе не падыходзіў.

«Сяржант Аляксандр Тарбэнка загадаў мне стаць на калені, у мяне не было выбару, бо ён пачаў выкручваць і так ужо выкручаныя мае рукі, што я тварам ударалася аб падлогу машыны. Мае рукі тырчалі назад і перашкаджалі зачыніць дзверы ў машыне. Тады міліцыянт пачаў удараць дзвярыма мне па локцю. Пасля гэтага я лячыла руку больш за месяц, і зараз яна яшчэ не зусім здаровая», – Вольга Гальчэнка распавядае падрабязнасці затрымання.

«Біў па галаве, называў сепаратысткай»

Вольга Гальчэнка

Жанчына гаворыць, што яе доўга вазілі ў міліцэйскай машыне па горадзе.

«Увесь гэты час Аляксандр Тарбэнка здзекаваўся нада мною не толькі фізічна, але і псіхалагічна. Ён біў мяне па галаве, называў мяне сепаратысткай, бо я ўкраінка, і самае страшнае для мяне, як для маці, ён пагражаў майму сыну: «Я на твайго ўблюдка накірую галімых наркош, і ты пашкадуеш, што на свет нарадзілася». Я прасіла зняць з мяне кайданы, прасіла адвезці мяне ў РАУС, але гэта толькі больш яго злавала».

Толькі праз дзве гадзіны з Вольгі знялі кайданы, калі яе прывезлі ў апорны пункт ля аўтавакзала. Прысутны там міліцыянт загадаў Тарбэнку вызваліць жанчыне рукі. Пасля яе яшчэ вазілі ў траўмапункт, а потым і ў медвыцвярэзнік, дзе не было выяўлена ап’янення ў жанчыны, але быў вельмі высокі ціск 230/100.

У выцвярэзніку адмовіліся яе «прыняць». Паводле Вольгі, едучы ў машыне па гораду міліцыянты не саромеючыся абмяркоўвалі, дзе ўзяць даведку, што Гальчэнка здаровая і каб яе прынялі ў ізалятар. Такую даведку ім хтосьці выдаў у абласной больніцы. У трэцяй гадзіне ночы яе прынялі ў ізалятар часовага ўтрымання, там Вользе некалькі разоў станавілася дрэнна, выклікалі доктара, які таксама зафіксаваў высокі ціск, але ўжо ніжэйшы – 160/90.

Да панядзелка ёй не давалі патэлефанаваць дадому і даведацца, як там сын і што з ім. Бо на хлопчыку яна бачыла кроў. Потым, калі ўжо вярнулася дамоў, даведалася, што гэта была іх з мужам кроў, калі дзіця спрабавала ўратаваць сваіх маці і бацьку.

З ахвяры зрабілі хуліганку

Двор, дзе адбылася сутычка з суседзямі і затрыманне

З ізалятара Гальчэнка адвезлі ў Чыгуначны суд, дзе прызналі вінаватай у дробным хуліганстве, непадпарадкаванні міліцыі, абразе службовай асобы. Сведкамі ў судзе выступалі міліцыянты і мужчына з суседняга дому Аляксандр Печань, які 10 чэрвеня ўдзельнічаў у збіцці.

«Я нікога не абражала, ні з кім не білася, не парушала правапарадку, я пацярпела, а на мяне надзелі кайданкі», – кажа Вольга.

Яна абскарджвала прысуд, але безвынікова, ёй агулам па трох артыкулах прысудзілі штраф у памеры 800 рублёў.

Суседзяў таксама пакаралі, а міліцыянта?

Пасля збіцця Гальчэнка і Вінаградаў напісалі заяву ў Чыгуначны РАУС. Але іх справу падзялілі і разглядалі асобна. Хаця збівалі іх адначасова адныя і тыя ж людзі і сведкі ў іх агульныя. Пацярпелым патлумачылі, што «гэтак лепш», бо ў мужа «лёгкія цялесныя» і экспертыза робіцца хутчэй, а ў жанчыны пашкоджанні, «якія прывялі да страты працаздольнасці» і працэс гэты даўжэй.

Толькі на трэцім судовым пасяджэнні адносна збіцця Аляксандра Вінаградава, ім удалося даказаць вінаватасць суседа Аляксандра Печаня, яму прысудзілі штраф у 320 рублёў, а потым задаволілі пазоў Вінаградава аб кампенсацыі выдаткаў выдаткаваных на паслугі адваката – 590 рублёў і маральныя страты –200 рублёў.

Справу Вольгі Гальчэнка папросту «замялі», ніхто не адказаў за атрыманыя ёю пабоі як ад суседзяў, так і ад міліцыянта. У лістападзе з Чыгуначнага РАУС жанчына атрымала адказ, што па ейнай справе мінулі тэрміны даўніны.

«Я адчуваў сябе агідна, таму што не змог абараніць ні жонку, ні сына. Я адчуваў поўную сваю бездапаможнасць… Жонка была збітая суседзямі, а потым яшчэ і міліцыянтам», – кажа муж Вольгі Аляксандр Вінаградаў.

На другім судовым паседжанні па справе збіцця, сяржант Тарбэнка быў ужо прапаршчыкам, а ў лістападзе атрымаў званне лейтэнанта міліцыі.

Крысціна Авакумава, belsat.eu

Стужка навінаў