Прарасейскія баевікі ў Малдове і Беларусі – агульнае і адрознае


Пяць высланых з Малдовы ў траўні расейскіх дыпламатаў займаліся вербаваннем баевікоў, лічыць малдаўская разведка. Пра гэта паведамілі агенцыі навінаў Reuters урадавыя і дыпламатычныя крыніцы.

Высылка адбылася 29 траўня без афіцыйнага абʼяўлення прычын. Прэмʼер-міністр Павал Філіп краіны адзначыў толькі, што на гэта былі «дастатковыя падставы».

Дыпламаты з ГРУ?

Па інфармацыі крыніц, дыпламатаў падазравалі ў тым, што яны зʼяўляюцца супрацоўнікамі цэнтральнага органа разведкі расейскай арміі – Галоўнага разведвальнага ўпраўлення (ГРУ) Генеральнага штаба Узброеных сіл РФ, якое зараз афіцыйна называецца проста «Галоўнае ўпраўленне» Генштаба.

«Дыпламаты» займаліся наймам баевікоў у Гагаўзіі – аўтаномнага рэгіёна на поўдні краіны, дзе значная частка насельніцтва прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў.

Прарасейскія баевікі ўва Украіне. Фота REUTERS/Marko Djurica

Прадстаўнік МЗС РФ назваў гэтае паведамленне «пустой балбатнёй».

«Людзі выконвалі абсалютна зразумелы службовыя абавязкі, удзельнічалі ў двухбаковых кантактах па вайсковай лініі», – сказаў у каментары намеснік міністра замежных спраў Рыгор Карасін.

Украіна і краіны Захаду неаднаразова абвінавачвалі Маскву ў арганізацыі і падтрымцы ўзбраеннем і жывой сілай антыўкраінскіх баевікоў на Данбасе. У выніку вайны, якая пачалася вясной 2014 году, загінула больш за 10 тысяч чалавек. Баі на лініі фронту працягваюцца дагэтуль.

Вярбоўка і трэніроўкі

Крыніцы Reuters паведамляюць, што набраных у Гагаўзіі баевікоў адпраўлялі ў вайсковы лагер у Растоўскай вобласці Расеі, якая мяжуе з Украінай. Паводле інфармацыі агенцыі і расейскіх СМІ, тут выкарыстоўваліся як мінімум дзве такія пляцоўкі для падрыхтоўкі баевікоў, якія ваявалі супраць Украіны.

Інфармацыю пра баявікоў-гагаўзаў быццам бы перадала Малдове Служба бяспекі Украіны, якая збірае інфармацыю пра людзей, якія ваююць на баку антыўкраінскіх фармаванняў.

Малдаўскія жаўнеры падчас міжнародных вучэнняў. Фота U.S. Department of Defense

Дзякуючы дадзеным, малдаване змаглі адсачыць, арыштаваць і дапытаць гагаўзскіх баевікоў, якія вярнуліся з вайны, паведамілі крыніцы. Некаторыя былыя баевікі сталі інфарматарамі малдаўскіх спецслужб.

У Кішынэве напружаныя адносіны з Масквой – пасля заключэння Малдовай гандлёва-палітычнага пагаднення з Еўразвязам Расея спыніла імпарт малдаўскай прадукцыі. Такім жа чынам цяпер і раней адбываецца эканамічны ціск Масквы і на Беларусь з Украінай.

Што ў Беларусі?

Пакуль няма інфармацыі, што ў Беларусі расейскія агенты спецслужб займаюцца аналагічнай дзейнасцю. Аднак шэраг прарасейскіх арганізацыяў ладзяць летнікі вайсковага тыпу для моладзі, колькасць удзельнікаў якіх за год можа перавышаць тысячу чалавек.

Аляксей Мільчакоў. Фота з сайта enotcorp.org

Таксама расейская групоўка E.N.O.T. Corp праводзіла на тэрыторыі Расеі мерапрыемствы, на якіх удзельнічалі маладзёны з Беларусі. У якасці інструктараў там выступалі былыя баевікі, якія ваявалі ў Украіне, у тым ліку вядомы неанацыст лідар так званай дыверсійна-штурмамой разведвальнай групы «Русіч» Аляксей Мільчакоў.

Відэа міжнародных збораў E.N.O.T. Corp.

У баявых дзеяннях супраць Украіны ўдзельнічалі як мінімум дзясяткі грамадзянаў Беларусі, некаторыя з іх загінулі. Вядома, што на Данбасе ваявалі ў тым ліку былыя байцы падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Унутраных войск і Узброеных сіл Беларусі.

Пры тым, што беларусам, якія ваююць на баку законнага ўрада Украіны, пагражае ў Беларусі пераслед з боку праваахоўных органаў, пакуль што не вядомыя выпадкі, калі нашых грамадзянаў каралі за ўдзел у баявых дзеяннях на баку прарасейскіх баевікоў.

Аднак вядома, што беларускія спецслужбы былых баевікоў «ЛНР» і «ДНР» адсочваюць і часам выклікаюць на размовы.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў