Прарасейская сербская партыя просіць Пуціна ўвесці войскі ў Косава


Прарасейская партыя «Сербская ліга» («Српска лига») заклікае афіцыйны Бялград звярнуцца да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, каб той увёў войскі ў Косава. Пра гэта гаворыцца ў звароце старшыні партыі Аляксандра Джурджева, якое апублікавана на сайце партыі 19 студзеня. На думку сербскага палітыка, часовая місія ААН і ЕС у Косава не здольная абараніць сербскі народ ад албанцаў.

Джурджеў заклікаў сербскія ўлады тэрмінова скарыстацца правам, якое яны маюць паводле рэзалюцыі # 1244 Рады бяспекі ААН і размясціць 999 сербскіх жаўнераў на тэрыторыі Косава і Метохіі. Акрамя таго, ён просіць неадкладна ініцыяваць перамовы з Расеяй адносна ўдзелу расейскіх міратворцаў у Косава і Метохіі, каб «перадухіліць жудасныя забойствы сербаў і знішчэнне маёмасці».

«Сербская ліга» заклікае выканаўчую і заканадаўчую ўладу нашай краіны, урад і парламент, звярнуцца да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай далучыцца да працэсу вырашэння сітуацыі, і, па аналогіі з мадэллю вырашэння крызісу ў Сірыі, падпісаць пагадненне паміж Сербіяй і Расеяй», – заявіў Джурджеў.

Партыя «Сербская Ліга» выступае за шчыльную супрацу з Расеяй, якая, на яе думку, з’яўляецца «абаронцай праваслаўных народаў», і супраць таго, каб краіна стала «калоніяй заходніх дзяржаў». Партыя не прадстаўлена ў парламенце Сербіі.

Нагадаем, нагадаем, 16 студзеня ў Косава быў застрэлены сербская палітык Олівер Іванавіч. Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч назваў гэта забойства тэрактам.

 

ІІ, belsat.eu, паводле eurointegration.com.ua

Стужка навінаў