Прапаведнік Нік Вуйчыч, у якога няма рук і ног: У Беларусі трэба больш любові

photo

У Беларусь завітаў вядомы хрысціянскі прапаведнік, матывацыйны аратар, пісьменнік, мецэнат і спявак з Аўстраліі Нік Вуйчыч.

15 красавіка ў канферэнц-холе Tut.by прайшла прэс-канферэнцыя з Нікам. Ён падзяліўся гісторыяй свайго жыцця, поўнай вялікай надзеі і веры, а таксама адказаў на пытанні журналістаў.

У Ніка сіндром тэтрамеліі – рэдкае захворванне, якое прыводзіць да адсутнасці рук і ног. Нягледзячы на гэта, ён падарожнічае і ладзіць матывацыйныя выступленні ў розных краінах свету. Мае жонку і двух сыноў. Піша кнігі і здымаецца ў матывацыйных роліках. Вера ў Бога (Нік з’яўляецца пратэстантам) дае яму надзею ў жыцці.

Беларусь – 58-я па ліку краіна, якую Нік Вуйчыч наведаў са сваімі матывацыйнымі выступленнямі.

«Пасланнік надзеі»

«Спадзяюся, што маё паведамленне пазітыўнасці і веры натхніць людзей у Беларусі. Я не крыніца надзеі, я проста пасланнік надзеі. Я распавядаю сваю гісторыю мноству людзей, каб яны ніколі не здаваліся», – звярнуўся Нік Вуйчыч да журналістаў на пачатку прэс-канферэнцыі.

Госць з Аўстраліі заклікаў прысутных журналістаў ніколі не здавацца, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды ў жыцці, і быць удзячным за тое, што ўжо ёсць.

«Будзь удзячны, рабі што можаш, Бог зробіць астатняе. Не ведаеш, чаго ты дасягнеш, пакуль не паспрабуеш. Ніколі не здавайся», – заўважыў Нік.

«Калі вы ў роспачы, то вельмі добры спосаб дапамагчы вам стаць удзячным за тое, што ў вас ёсць – пайсці ў госпіс, дзе дзеці паміраюць ад раку, і рассмяшыць іх. Зрабіць так, каб яны ўсміхаліся. Дапамога іншым дае вам пачуццё рэальнасці і разуменне, што ў вас саміх яшчэ можа быць мэта ў жыцці», – даў параду людзям у роспачы матывацыйны спікер, адказаўшы на адно з пытанняў журналістаў.

Нік распавёў, што падчас вучобы ў школе сам знаходзіўся ў роспачы, хацеў нават скончыць жыццё самагубствам, утапіўшыся ў ванне, але любоў да сваіх бацькоў не дазволіла зрабіць гэты крок.

«Я адчуваў, што ў маім жыцці няма мэты. Не думаў тады, што мае бацькі стануць маймі супрацоўнікамі, што калісьці нават ажанюся. Я думаў, як змагу ўзяць сваю жонку за руку. А потым зразумеў, што мне не трэба трымаць яе за руку. Мне трэба толькі трымаць яе сэрца, – падзяліўся Нік. – Я хваляваўся: як буду браць сваіх дзяцей на рукі, калі яны будуць плакаць? А зараз Кіёшы (старэйшы сын Ніка) сам прыходзіць і мяне абдымае. Гэта цудоўна, мары здзяйсняюцца».

«Калі аднойчы я буду на нябёсах са сваймі новымі нагамі і рукамі, я пачую, як мяне хтосьці кліча. Абдыме мяне і скажа: дзякуй табе, што дапамог мне паверыць у тое, што нябёсы рэальныя», – падзяліўся Нік.

На спатканне з Нікам Вуйчычам прыехаў таксама 11-ці гадовы Адам з Рэчыцкага дому-інтэрнату. Хлопчык здаўна марыў сустрэцца з прапаведнікам. Нягледзячы на тое, што Адам не мае рук, ён вельмі добра малюе. Выхавальнікі Адама не хацелі пускаць яго на спатканне, мяркуючы, што лішнія надзеі яму толькі нашкодзяць. Але за Адама заступіўся сам Нік Вуйчыч.

«Атрымаць надзею можна праз любоў, у тым ліку да сябе»

Разам з тым прапаведнік заўважыў, што атрымаць надзею можна праз любоў. У тым ліку і да сябе самога.

«Калі вы не прымаеце саміх сябе, як вы думаеце, як вас іншыя будуць прымаць? У першую чаргу вы павінны пасябраваць самі з сабой», – падкрэсліў Нік і заўважыў, што важна мець веру і маліцца аб цудах.

Нік і яго жонка маюць дваіх сыноў, акрамя гэтага апякуюцца яшчэ трыма дзецьмі. І гэта толькі пачатак, як прызнаўся сам Нік. Прапаведнік з Аўстраліі падзяліўся з журналістамі сваёй марай:

«Я хачу стварыць платформу, на якой 400 млн чалавек мелі б адну і тую ж мэту. Калі б з 7 млрд чалавек хоць бы 6 % ахвяравалі адзін долар у дзень, то на гэтыя грошы можна было б пабудаваць шмат шпіталяў і дамоў для састарэлых».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Нік прызнаўся, што ёсць дзве рэчы, аб якіх ён шкадаваў бы перад смерцю: што прысвячаў мала часу сваёй сям’і і прысвячаў мала часу адносінам з Богам, пазнаванню Яго слова і чытанню Бібліі.

Нік вядзе насычанае жыццё. Вольны час праводзіць з сям’ёй. Таксама займаецца актыўнымі відамі спорту: ужо паспеў скокнуць з парашутам, пагрузіцца з аквалангам і пакатацца на сноўбордзе.

«Калі хочаце змяніць свет, то будзьце самі гэтымі зменамі. Любіце і натхняйце адзін аднаго. Большай колькасці людзей у гэтай краіне патрэбна больш любові», – кажа Нік.

«Жывіце крок за крокам, дзень за днём. Калі ідзяце – кожным крокам ідзіце, калі жывяце – кожным днём жывіце!» – да гэтага заклікаў усіх Нік Вуйчыч, які сваім прыкладам паказвае, як трэба быць удзячным Богу за дар жыцця і ніколі не здавацца.

МЯ, паводле catholic.by

Глядзі таксама
Каментары