Прапаршчыка з Печаў судзяць за дзедаўшчыну і хабары


Суд у Барысаве разглядае справу ў дачыненні да прапаршчыка 72-га АНЦ па факце перавышэння службовых паўнамоцтваў, паведаміў журналістам пракурор Менскай вобласці Алег Лаўрухін, перадае БелТА.

«Было ўстаноўлена падчас следства больш за 30 фактаў перавышэння ім службовых паўнамоцтваў, якія выявіліся ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да вайсковаслужбоўцаў тэрміновай службы», – сказаў Алег Лаўрухін.

Выяўлены таксама факты атрымання прапаршчыкам хабараў ад вайскоўцаў за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Напрыклад, гаворка ідзе аб пазачарговым наведванні буфета.

Імя прапаршчыка не называецца.

***

Пасля трагічнай гібелі Аляксандра Коржыча ў 72-м Аб’яднаным вучэбным цэнтры ў Печах пад Барысавам у кастрычніку мінулага году, СК распачаў 48 крымінальных справаў, 22 – у Пячах.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў пацвердзіў, што цела Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці. Жаўнера тэрміновай службы знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі, у яго былі звязаныя ногі, на галаву была нацягнутая майка.

Следства разглядае 3 версіі: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства. Прыярытэтнай версіі ў следчых праз амаль паўгады пасля трагедыі няма.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў