Пракурор патрабуе для камандзіраў Коржыча 10 гадоў калоніі на дваіх


Дзяржаўны абвінаваўца Вадзім Лалуа просіць суд пакараць прапаршчыка Артура Вірбала чатырма, а лейтэнанта Паўла Сукавенку шасцю гадамі пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вірбал і Сукавенка былі камандзірамі ў роце, дзе загінуў Аляксандр Коржыч: іх вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці жаўнера.

Вадзім Лалуа просіць суд таксама пазбавіць камандзіраў вайсковых званняў і права займаць кіроўныя пасады цягам 5 гадоў.

Паводле пракурора, Вірбал і Сукавенка падчас вайсковай службы здзейснілі шэраг наўмысных злачынстваў. Гэтак прапаршчык і лейтэнант у якасці пакарання часам прымушалі сяржантаў адціскацца і білі іх. Паводле дзяржабвінаваўца, Вірбал і Сукавенка рабілі гэта з «жадання самазацвердзіцца» і «падняць свой аўтарытэт як начальнікаў». Аднойчы камандзір роты Сукавенка пастроіў сяржантаў у казарме і пачаў правяраць веданне вайсковага статуту. За няправільныя адказы афіцэр прымушаў сяржантаў прыняць «упор лежачы» і біў іх палкай па ягадзіцах.

Афіцэр рэгулярна прымушаў жаўнераў за ўласны кошт купляць яму цыгарэты і прадукты, вымагаў у сяржанта грошы за карыстанне мабільным тэлефонам, а таксама краў сродкі з грашовага забеспячэння жаўнераў – звычайна ад некалькіх дзясяткаў капеек да 1,5 рублёў з кожнага заробку. Агулам Сукавенка прысвоіў каля 245 рублёў, сцвярджае абвінавачванне.

Прапаршчык Вірбал сваю віну прызнае цалкам. Афіцэр Сукавенка – часткова (прызнае вымаганне і крадзеж, але не гвалт).

Пацярпелымі па справе праходзяць 7 сяржантаў, 5 з якіх цяпер знаходзяцца пад вартаю. Сярод іх сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч – паводле следства, іх дзеянні прывялі да смерці Аляксандра Коржыча. Суд над імі праходзіць паралельна, цяпер там аб’яўлены перапынак. Акрамя таго, сярод пацярпелых ёсць ужо асуджанныя сяржанты – у прыватнасці, Арцём Берднік, якога ў траўні пакаралі 3 гадамі пазбаўлення волі за дзедаўшчыну.

На судзе большасць пацярпелых заявілі, што не маюць прэтэнзіяў да падсудных і прасілі строга не караць Вірбала і Сукавенку.

Hавiны
Білі драўлянай палкай, прымушалі купляць сасіску ў цесце. У Менску судзяць камандзіраў Коржыча
2018.10.01 13:58
  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў за дзедаўшчына і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка, Следчы камітэт аб’явіў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў