Пракурор папрасіў замяніць выканаўцам заказнога забойства пажыццёвае на расстрэл


Менскі гарадскі суд працягвае разгляд крымінальнай справы аб падвойным забойстве маладой пары на вуліцы Алібегава ў Менску і мужчыны ў Калодзішчах.

У сакавіку 2017 года тут вынеслі прысуд выканаўцам і замоўцы злачынства. Двум мужчынам далі пажыццёвае зняволенне, выхавальніцы дзіцячага садку – 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Аднак у ліпені Вярхоўны суд адмяніў прысуд першай інстанцыі – справу пераглядаюць.

Як паведамляе БелТА, сёння падчас спрэчак пракурор папрасіў для мужчын смяротнага пакарання. Прысуд жа дзяўчыне абвінаваўца прапануе пакінуць без зменаў.

Паводле версіі следства, прычынай падвойнага забойства стала рэўнасць: 27-гадовая Аліна Шульганава хацела вярнуць былога хлопца. Яна папрасіла суседа па хаце Аляксандра Жыльнікава (раней судзімага) і ягонага сябра Вячаслава Сухарка збіць суперніцу, каб «адправіць» яе ў шпіталь на пару тыдняў.

А выканаўцы перастараліся і забілі абодвух у адной з кватэр на вуліцы Алібегава ў Менску. На целе забітых эксперты налічылі дзясяткі нажавых раненняў. Загінулай было 24 гады, хлопцу – 32.

За пару дзён да гэтага выканаўцы здзейснілі яшчэ адно злачынства – забілі ў Калодзішчах 59-гадовага мужчыну. Прычынай нападу сталі каля 10 тысяч долараў у доме загінулага.

Як вынікае з заключэння экспертаў-псіхіятраў, падчас злачынства абвінавачаныя маглі ўсведамляць небяспеку сваіх дзеянняў. Трое фігурантаў усведамляюць зробленае.

KA, belsat.eu, паводле tut.by

 

Стужка навінаў