Пракурор-няша Паклонская пераедзе з Крыму ў Маскву


Наталля Паклонская

Пракурор Крыму Наталля Паклонская стане дэпутаткай Дзярждумы ад «Единой России», кажуць крыніцы ў рэгіёне і ў самой партыі.

У Крыме будуць толькі радыя, калі такі пераезд адбудзецца.

«Яна даўно ўжо сябе паводзіць тут як федэральны палітык, а не пракурор, ладзіць дзіўныя акцыі – узгадайце, як яна ішла з партрэтам Мікалая ІІ на «Бессмяротным палку», усе абмяркоўваюць, што яна рэгулярна лятае да свайго духоўніка, які служыць у мужчынскім праваслаўным манастыры пад Екацярынбургам», – кажа крыніца, блізкая да цяперашняга кіраўніцтва Крыму.

Іншая крыніца кажа, што нядаўна ў крымскай пракуратуры прайшла ўнутраная праверка Генеральнай пракуратуры, пасля якой да яе працы зʼявіліся пытанні з боку федэралаў, але нейкіх сурʼёзных пакаранняў не было.

«У сітуацыі пераходу Крыму ў прававое поле РФ абысціся зусім без хібаў было складана. Першапачаткова яе (Паклонскай) прызначэнне было правільным, але з часам зʼявілася разуменне, што ў далейшым патрэбная іншая фігура – вырашаць сістэмныя пытанні, якія ёсць, а ёй відавочна не хапае досведу апаратнй працы», – сцвярджае ананімны суразмоўца.

Раней прэмʼер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў уключыць Паклонскую у спіс кандыдатаў у дэпутаты Дзярждумы ад «Единой России».

Пасля аднаго са сваіх выступаў Наталля Паклонская стала папулярным героем інтэрнэт-мемаў.

«Тут я пракурор, і таму ніякіх ням-мяш і гэтак далей я не дапушчу», – прагучала тады ў заяве Паклонскай.

Яна стала таксама прататыпам персанажа «Обвиняшка» у бясплатнай кампютарнай гульні «Prime World».

НМ, belsat.eu, паводле Gazeta.ru

Глядзі таксама
Каментары