Берасцейская пракуратура забараніла пратэставаць – у мясцовай царкве перанеслі службу


Жыхаркы вёскі Шэбрын сабраліся каля крамы каб абмеркаваць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Пакуль людзі працягваюць збіраць подпісы (ужо сабрана 25 000) супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасцем, улады забараняюць людзям сустракацца і абмяркоўваць экалагічныя праблемы.

27 студзеня ў вёсках Шэбрын і Косічы былі запланаваныя сустрэчы грамадзянаў з незалежнымі журналістамі, на якіх планавалася абмеркаваць сітуацыю вакол будаўніцтва акумулятарнага заводу. Але пракуратура Берасцейскага раёну пагражае ўсім удзельнікам гэтых сустрэчаў штрафамі. Абвестка аб гэтым з’явілася каля крамы ў вёсцы Шэбрын, але нягледзячы на гэта каля дзясятка чалавек прыйшлі на сустрэчу.

Пры гэтым на ўездзе ў вёску дзяжурылі дзве машыны з людзьмі ў цывільным, а за сустрэчай назіралі ціхары.

«Пра будаўніцтва заводу мы даведаліся два тыдні таму, калі на будоўлі падмурак ужо рабілі. У нас ніхто нічога не спытаў. Як так можна, тут населеныя пункты, дачная зона, рака? Я больш скажу, вось павесілі аб’яву, што нам нельга збірацца. Мы што ўжо меркаванне сваё не можам выказаць і атрымаць інфармацыю?», – кажа мясцовыя жыхар.

«І так загазаванасць высокая, а тут нас будуць цкаваць солямі цяжкімі і іншымі шкоднымі выкідамі. Не даюць збірацца, а мы ўсё роўна прыйшлі. Яны мяне ў турму пасадзяць? Дык няхай пасадзяць, я пенсіянерка, тады карміць прыйдзецца», – кажа жыхарка вёскі Шэбрын.

За сустрэчай у Шэбрыне ўважліва назіралі працаўнікі сілавых структураў у цывільнай вопратцы

А вось у вёсцы Косічы сустрэча так і не адбылася. Сабраліся толькі працаўнікі сілавых структураў у цывільным. Цікава, што сустрэча ў Косічах планавалася каля царквы, у якой пасля сустрэчы павінна было адбыцца набажэнства. Службу на ўсялякі выпадак перанеслі на наступны дзень.

Тым часам паступаюць усё новыя звесткі, што ўлады ціснуць на актывістаў, але пакуль пра гэта людзі гаварыць не гатовыя.

Нагадаем, што людзі выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем, на дадзены момант сабрана больш за 25 тысяч подпісаў з патрабаваннем спыніць будоўлю, але ўлады людзей не чуюць, а завод будуецца ў паскораных тэмпах.

15 студзеня прайшла сустрэча чыноўнікаў і бізнесменаў з людзьмі, якія выступаюць супраць будоўлі. Яна зацягнулася на чатыры гадзіны, а зала палаца культуры ў вёсцы Тэльмы не змясціла ўсіх жадаючых. На жаль, чыноўнікі так і не змаглі даць адказы на пытанні людзей. Пасля гэтай сустрэчы чыноўнікі і бізнесмены адмаўляюцца сустракацца і размаўляць з людзьмі.

Нагадаем, што грамадскія абмеркавання былі праведзеныя не належным чынам, але тады пракуратура, нягледзячы на звароты жыхароў, парушэнняў не выявіла.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў