Пракуратура прызначыла новую праверку па факту збіцця міліцыянтамі жыхара Фаніпаля


Пракуратура Дзяржынскага раёну разглядзела зварот Сяргея Ткачэнкі, у якім ён хадайнічаў пра адмену пастановы аб адмове ў крымінальнай справы па факце нанясення яму цялесных пашкоджанняў супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманні 9 траўня 2017 года.

Гэтым разам пракуратура правяла праверку, у ходзе якой былі запатрабаваныя і вывучаныя матэрыялы па ўказанаму факту з Дзяржынскага раённага аддзелу Следчага камітэту.

Раней, следчы Дзяржынскага РАСК Д. Апалонік правёў праверку: 7 чэрвеня апытаў пацярпелага, а ўжо 12 чэрвеня вынес пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, пракурор Дзяржынскага раёну Эдуард Свентухоўскі прыйшоў да высновы, што папярэдняя праверка была праведзена няпоўна, у сувязі з чым ён адмяніў пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а матэрыялы праверкі з пісьмовымі ўказаннямі накіраваў начальніку Дзяржынскага РАСК для арганізацыі дадатковай праверкі.

Жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка быў затрыманы міліцыянтамі 9 траўня і жорстка збіты. Падставай для затрымання стала тое, што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

«Я сапраўды ўжываў у той дзень алкаголь, але паводзіў сябе нармальна, я не парушай грамадскі парадак. У пастарунку міліцыянты нецэнзурна лаяліся на мяне, абражалі. Я ім адказаў гэтак сама. Гэта ім вельмі не спадабалася і яны пачалі мяне біць. Я сядзеў на стуле ў кайданках. Міліцыянт мяне скінуў са стула – я стукнуўся аб падлогу, разбіў нос. Мне зрабілі »ластаўку« – яны дадаткова прышпілілі за спіной маю правую нагу да кайданкоў, якія на мне ўжо былі. У такім становішчы я знаходзіўся каля 40 хвілінаў. Я ляжаў на падлозе і яны мяне білі», – распавёў раней «Белсату» Ткачэнка.

Пасля збіцця ў пастарунку судова-медыцынская экспертыза налічыла не меней за 26 траўматычных уздзеянняў на целе Ткаченка.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў