Пракуратура пракаментавала трагедыю на «Беларуськаліі»


Рэпартаж з Салігорску, дзе адбылася смяротная трагедыя

У пракуратуры распавялі пра перавышэнне нормаў газу ў шахце прадпрыемства.

Падчас прэс-канферэнцыі пракурор Менскай вобласці Алег Лаўрухін заявіў, што распачатая крымінальная справа, але «невядома, чым яна скончыцца»:

«Наколькі я зразумеў, руду спрабавалі падняць эксперыментальным шляхам, распрацоўка вялася нетрадыцыйным спосабам. На папярэднім этапе можна сказаць, што адзін з працаўнікоў павінен быў кантраляваць змест газу. Замест 1% там было перавышэнне ў 6-7%. Спытаць цяпер няма ў каго, як праводзіліся замеры. Яшчэ рана казаць, чыя віна ў тым, што адбылося».

9 сакавіка 2018 года на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўлення ў змену з 11.50 да 18.50 пры выкананні комплексам ПКС-8 № 4 засечкі на тэхналагічную збойку 22б заходняга слупа гарызонту-620 м адбыўся раптоўны выкід солі і газу (метан не таксічны, але дыхаць гэтым газам людзі не могуць). Праходчы камбайн і самаходны вагон апынуліся цалкам засыпаныя выкінутай пародай. Пад завалам загінулі 45-гадовы машыніст Максім Іваноў і 33-гадовы горнарабочы Дзмітрый Валькоў. Рабочыя загінулі імгненна.

У дзень трагедыі на рудніку працавала каля 150 чалавек, а ў напрамку, дзе адбылася аварыя, – 14 чалавек.

На «Беларуськаліі» кажуць, што прычынай здарэння сталі асаблівыя геалагічныя структуры – мульды, у ядрах якіх пад велізарным ціскам утрымліваюцца газы, у тым ліку метан. Менавіта трэці калійны гарызонт, дзе загінулі гарнякі, лічыцца найбольш небяспечным.

НМ/ДР, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў