Пракуратура «папярэдзіла» незадаволеных заводам «iPower». Праваабаронца: «Гэта запалохванне»


Берасцейцы супраць акумулятарнага заводу (сюжэт выйшаў 6 студзеня)

27 студзеня ў вёсках Шчэбрын і Косічы запланаваныя сустрэчы грамадзянаў з незалежнымі журналістамі, на якіх будуць абмяркоўвацца экалагічныя праблемы. Але пракуратура Берасцейскага раёну пагражае ўсім удзельнікам гэтых сустрэчаў адміністрацыйнай адказнасцю.

У прыватнасціна старонцы Берасцейскага райвыканкаму з’явіўся тэкст з «тлумачэннем» ад пракуратуры:

«Правы грамадзянаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя вызначаныя ў артыкуле 46 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуле 12 Закону «Аб ахове навакольнага асяроддзя». У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае сістэма дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў, якія абавязаныя забяспечыць экалагічную бяспеку і рэалізацыю права грамадзянаў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Абвестка, якая з’явілася ля крамы ў вёсцы Шчэбрын

Пры гэтым, парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, да якіх адносіцца сход, вызначаны ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Дзяржавай гарантаваная свабода масавых мерапрыемстваў, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Парушэнне ўсталяванага парадку правядзення сходу, іншага масавага мерапрыемства, а роўна публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, іншага масавага мерапрыемства з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў цягнуць адміністрацыйную адказнасць паводле часткі 1 арт. 23.34 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у выглядзе папярэджання, або накладання штрафу ў памеры да 30 базавых велічыняў, або адміністрацыйнага арышту.

У сувязі з выкладзеным, публічныя заклікі, у тым ліку на Інтэрнэт-форумах і ў сацыяльных сетках, да ўдзелу ў сходах, на правядзенне якіх не атрымана ва ўстаноўленым парадку дазвол, цягнуць адміністрацыйную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Меркаванне праваабаронцы

Праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ўлады перайшлі да запалохвання людзей:

«Пачалося прамое запалохванне грамадзянаў, была інфармацыя, што прыедуць журналісты і з імі можна будзе паразмаўляць, а пракуратура ўгледзела ў гэтым нейкі сход. Я лічу, што яны самі парушаюць закон, кожны мае права свабодна выказваць свае думкі і распаўсюджваць інфармацыю».

Нагадаем, што людзі выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем, на дадзены момант сабрана больш за 20 тысяч подпісаў з патрабаваннем спыніць будоўлю, але ўлады людзей не чуюць, а завод будуецца ў паскораных тэмпах.

15 студзеня прайшла сустрэча чыноўнікаў і бізнесменаў з людзьмі, якія выступаюць супраць будоўлі. Яна зацягнулася на чатыры гадзіны, выклікала вялікую цікавасць жыхароў, зала палаца культуры ў вёсцы Тэльмы не змясціла ўсіх жадаючых, але чыноўнікі так і не змаглі даць адказы на пытанні.

Нагадаем, што грамадскія абмеркавання былі праведзеныя не належным чынам, але тады пракуратура, нягледзячы на звароты жыхароў, парушэнняў не выявіла.

СА, Belsat.eu

Стужка навінаў