Пракуратура адцягвае суд над новым фігурантам па справе Плошчы-2010


Паводле spring96.org, сталічная пракуратура вярнула справу следчаму для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання. На гэта адводзіцца тэрмін у месяц.

Жыхар пасёлка Рудзенск Уладзімір Кондрусь быў узяты пад варту 14 чэрвеня 2016 года ў межах папярэдняга расследавання за меркаваны ўдзел у масавых беспарадках каля Дому ўраду падчас выбараў прэзідэнта ў 2010 годзе. Ён стаў яшчэ адным фігурантам справы аб масавых беспарадках.

Кондрусь знаходзіцца ў СІЗА №1 на Валадарцы. На знак пратэсту супраць свайго арышту ён зладзіў працяглую галадоўку, з-за чаго ў яго пачаліся вялікія праблемы са здароўем.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным і патрабуе ад уладаў спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго і неадкладнага вызвалення з-пад варты.

Што адбывалася на Плошчы-2010?

Драматычныя падзеі снежня 2010 года, следчая, судовая і турэмная сістэмы паказваюцца ў фільме «Даволі! Да Волі…» вачыма ўдзельнікаў пратэсту, якія прайшлі праз пекла турмаў. Глядзіце фільм «Белсату».

ЮВ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў