Прахадны бал на «журналістыку» вышэйшы за «інфарматыку»


Творчыя спецыяльнасці ў БДУ б’юць па папулярнасці дакладныя навукі.

Адсутнасць свабоды слова ў Беларусі і нізкія заробкі журналістаў не адпужалі абітурыентаў: прахадныя балы на журналісцкія спецыяльнасці ў БДУ – адныя з найвышэйшых у краіне: ад 307 да 370 у залежнасці ад напрамку.

Для параўнання: папулярныя ў свеце аўтамабілебудаўніцтва або камп’ютэрная мехатроніка даступнае ў Беларусі троечнікам (у БНТУ 174 і 207 балаў адпаведна), а на актуальнае для краіны «будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцыяў» у БНТУ бралі са 152 баламі (такі ж конкурс быў і на прэстыжную «мытную справу»).

Рэйтынг самых высокіх прахадных балаў дзённай формы навучання сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў у БДУ выглядае наступным чынам:

  • «Прыкладная інфарматыка (напрамак – праграмнае забеспячэнне камп’ютэрных сістэм)» – 364;
  • «Інфарматыка» – 349;
  • «Актуарная матэматыка» – 338;
  • «Камп’ютэрная бяспека (напрамак – матэматычныя метады і праграмныя сістэмы)» – 335;
  • «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі (напрамак – вэб-праграмаванне і інтэрнэт тэхналогіі)» – 328.

Самыя высокія прахадныя балы сярод сацыяльна-гуманітарных і эканамічных спецыяльнасцяў:

  • «Міжнародныя адносіны» і «міжнароднае права» – 382;
  • «Лінгвакраіназнаўства» – 381;
  • «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» – 376;
  • «Бізнес-адміністраванне» – 373.

Самыя высокія прахадныя балы сярод творчых спецыяльнасцяў:

  • «Журналістыка (напрамак – аўдыёвізуальная)» – 370;
  • «Журналістыка (напрамак – вэб-журналістыка)» – 338;
  • «Журналістыка (напрамак – друкаваныя СМІ)» – 327;
  • «Журналістыка міжнародная» – 317;
  • «Журналістыка (напрамак – менеджмент сродкаў масавай інфармацыі)» – 307;
  • «Літаратурная праца» – 306;
  • «Дызайн (напрамак – камунікатыўны дызайн)» – 256;
  • «Дызайн (напрамак – прадметна-прасторавага асяроддзя)» – 249.

Медалісты абіраюць БДУ

Сёлета БДУ павялічыў колькасць месцаў на сваіх факультэтах – студэнтамі сталі 5509 чалавек (летась – 5287, пазалетась – 5085).

Паводле прэсавай службы ўніверсітэту, якую цытуе «Інтэрфакс», сёлета сярод абітурыентаў было 95 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіядаў і конкурсаў (летась было 85). Павялічылася таксама колькасць медалістаў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў