Як у чэшскіх і славацкіх сацсетках узгадваюць пачатак савецкай акупацыі


21 жніўня 1968 года. Маладыя чэхі нясуць сцяг сваёй краіны падчас вулічных пратэстаў у Празе. Фота – Reuters

Роўна 50 гадоў таму краіны Варшаўскае дамовы (без Румыніі) на чале з СССР уварваліся ў Чэхаславаччыну, каб спыніць спробы рэфармаваць камуністычны рэжым. Сёння чэхі ў сацыяльных сетках узгадваюць тыя трагічныя дні, падчас якіх у вулічным супрацьстаянні з акупантамі загінулі больш за 100 асобаў.

«Тыя падзеі для мяне – найважнейшая веха ў гісторыі Чэхаславаччыны, магчыма таму, што ў іх удзельнічалі мае бабуля і дзядуля. Праз 50 гадоў вандрую па месцах, дзе адбываліся тыя падзеі – між іншым, уздоўж вугорскае мяжы (адкуль прыйшла частка войскаў). Планую далей вывучаць гэтыя падзеі і шукаць інфармацыю пра іх».

«50 гадоў таму войскі краінаў Варшаўскае дамовы напалі на Чэхаславаччыну. Як мы можам мець прэзідэнта, які не хоча быць часткай сённяшняга свята свабоды і дэмакратыі? Не магу гэтага зразумець. З нецярплівасцю чакаю выступ славацкага прэзідэнта Кішкі».

«21 жніўня 1968 – дата, якую ніколі нельга забываць: уварванне ў Чэхаславаччыну краінаў Варшаўскае дамовы. Так многа разбітых мараў».

«Ніколі! Ніколі! Мы не павінныя забываць мінулае».

«Ніколі не забудзем!».

Брэжнеў у вобразе расейскай бабулі: «Не крыўдуйце на акупацыю. Забылася запытацца, ці ёсць у вас яшчэ контррэвалюцыя?».

Задушыць Пражскую вясну

У 1948-м пасля путчу, які арганізаваў СССР, Чэхаславаччына цалкам падпарадкавалася Маскве. Пасля смерці Сталіна ў Чэхаславаччыне не наступіла адлігі, як у СССР – рэпрэсіі працягваліся.

У студзені 1968 году кіраваць Камуністычнай партыяй Чэхаславаччыны пачаў славак Аляксандр Дубчак, які паабяцаў паслабіць цэнзуру і абмежаваць паўнамоцтвы службы бяспекі. Улады вырашылі не адмаўляцца ад сацыялістычнай гаспадаркі, але ўвесці элементы рынку – з большай незалежнасцю прадпрыемстваў, лібералізацыяй цэнаў і арыентаванасцю на спажывецкія тавары.

Рэфарматары планавалі, што Камуністычная партыя Чэхаславаччыны стане больш плюралістычнай, захавае кіраўнічую ролю, але адмовіцца ад татальнага кіравання ўсімі аспектамі эканамічнага і сацыяльнага жыцця, увядзе свабоду слова і друку. Канцэпцыя атрымала назву «сацыялізму з чалавечым тварам».

Лібералізацыя прадугледжвала нават патэнцыйны выхад краіны з Варшаўскае дамовы.

Спыніць распачаты ў краіне працэс дэмакратызацыі Масква вырашыла сілаю.

Уночы на 21 жніўня 1968 года СССР з іншымі краінамі Варшаўскае дамовы (апроч Румыніі) уварваліся ў Чэхаславаччыну, каб спыніць спробу чэхаў і славакаў рэфармаваць камуністычны рэжым.

З самай раніцы чэхі і славакі пачалі знішчаць і замалёўваць вулічныя знакі па ўсёй краіне, каб дэзарыентаваць акупантаў. Савецкія войскі ў Празе не адразу змаглі захапіць радыё, вакзал і рэдакцыі газет. Вялікі натоўп каля радыёстанцыі забарыкадаваў вуліцу. У бок савецкіх войскаў паляцелі кактэйлі Молатава, на якія жаўнеры адказвалі кулямі.

Агулам падчас вулічных сутычак загінулі больш за 100 асобаў.

Сімвалам пратэсту супраць уварвання стала самаспаленне студэнта Яна Палаха. Яго пахаванне пераўтварылася ў вялікую дэманстрацыю з удзелам 100 тысячаў чалавек.

Пратэсты супраць уварвання цягнуліся да сярэдзіны 1969 года, іх жорстка душылі сілы бяспекі.

Падзеі 21 жніўня далі зразумець іншым краінам сацыялістычнага блоку, што пазбавіцца ад дыктату Масквы будзе цяжка.

Савецкія войскі застануцца ў Чэхаславаччыне на 20 гадоў.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў