Прагнозы экспертаў: на колькі медалёў у Рыа можа разлічваць Беларусь?


ХХХІ Алімпійскія Гульні ў Рыа стартавалі па-бразільску яскрава, хоць і бюджэтна. А разам з імі – і сапраўдны марафон заўзення за свае нацыянальныя зборныя. Што да Беларусі, то ўжо цяпер маем прынамсі два рэкорды. У сувязі з допінгавымі скандаламі сёлета нашую краіну будзе рэпрэзентоўваць рэкордна малая колькасць атлетаў – усяго 124. Затое мы трапілі ў дзясятку краінаў з найбольшымі прызавымі выплатамі. І гэта пры тым, што…

СЯРГЕЙ ЮЖЫК, СПАРТОВЫ ЖУРНАЛІСТ:

«Стаіць на месцы ў нас спорт, мала развіваецца. Вы зірніце, дзе ў нас з’явіліся маладыя. Вось Ціхан будзе кідаць, якому сорак гадоў. Карстэн паплыве, якая таксама ўжо ветэран. І гэтак шмат у якіх відах спорту..»..

Магчыма, таму і прагнозы на ўзнагароды беларускай зборнай сёлета куды больш сціплыя. Паводле агенцтва «Асашыэйтэд Прэс», нашая краіна можа разлічваць у Рыа на сем медалёў: адзін залаты, два срэбныя і чатыры бронзавыя. Афіцыйнага ж плану ўзнагародаў для айчынных атлетаў і ўвогуле ўпершыню няма. За каго ж будуць заўзець беларусы?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Ёсць у нас такая Халадовіч – у кіданні молата, калі я не памыляюся. Буду, безумоўна, заўзець за зборную па баскетболе».

«Мастацкая гімнастыка і плаванне».

«У страляніне, я лічу, можна заваяваць медалі!»

«За лёгкаатлетаў – за Марыну Арзамас».

«Дужанне, нейкія сілавыя структуры».

«У грэблі, напэўна, будуць медалі – за іх і буду заўзець».

«Я заўзею за баксёраў нашай каманды».

«Байдаркі і каноэ – мы там павінны паказаць клас!»

«Вялікія шанцы ў нас па цяжкай атлетыцы».

«Дужанне, відаць, усё».

Зрэшты, сустракаюцца і нечаканыя прагнозы…

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«За каноэ! Вельмі падабаецца, як у нас у Менску зрабілі! Далей… Ну, хакей-футбол – нават не ведаю… Лыжы, фрыстайл!»

«Ну, біятлон – гэта ў кожным выпадку!»

А таму – без адмыслоўцаў не разабрацца. Паводле спартовага журналіста Сяргея Шчурко, у нас ёсць каму годна рэпрэзентаваць Бацькаўшчыну на алімпійскай арэне. І на медалёў дзесяць-дванаццаць мы дакладна можам разлічваць.

СЯРГЕЙ ШЧУРКО, СПАРТОВЫ ЖУРНАЛІСТ

«Ёсць Арман Малышаў, ёсць Васіліса Марзалюк. Ёсць, вядома ж, групавыя нашыя практыкаванні, мастацкая гімнастыка. Ёсць грабцы Марына Літвінчук. Ёсць Васіль Кірыенка, наш сцяганосец. Ёсць Саша Герасіменя, вялікая спартоўка»!

Галоўнае ж – выкласціся напоўніцу. Ну і каб крыху падфарціла. А таму – Беларусь, наперад!

Валер Руселік belsat.eu

Стужка навінаў