Прафсаюзы падлічылі, на колькі за год у Беларусі падаражэлі прадукты першай неабходнасці


Кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда агучыў вынікі маніторынгу цэнаў.

На першым этапе асноўную ўвагу працоўная група ФПБ сканцэнтравала на аналізе цэнаў на прадукты харчавання, якія ўваходзяць у спажывецкі кошык.

Вынікі маніторынгу паказалі, што цэны на прадукты спажывецкага кошыку ў сёлетнім траўні аказаліся на 24 % вышэйшымі ў параўнанні з тым, што было год таму.

У той жа час заробак за год вырас на 9,4 %, а індэкс цэнаў на прадукты харчавання агулам вырас на 8,2 %, адзначае прэс-служба ФПБ.

Таксама даследаванне выявіла значныя разыходжанні ў кошце набору прадуктаў са спажывецкага кошыку ў залежнасці ад рэгіёнаў. Усе пытанні, якія ўзніклі падчас маніторынгу, былі пазначаныя перад Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Даследаванне ахапіла 43 найменні прадуктаў у загадзя абраных крамах крокавай даступнасці, буйных гандлёвых сетках, а таксама гандлёвых аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці (агулам больш за 100 гандлёвых аб’ектаў).

Даведка. Спажывецкі кошык – спіс рэчаў і паслугаў першай неабходнасці, які зацвярджаецца заканадаўствам на вызначаны адрэзак часу. Пры складанні спажывецкага кошыку першачаргова ўлічваюцца такія катэгорыі, як прадукты харчавання, прадметы гардэроба, медычныя прэпараты, а таксама аплата транспартных паслуг, ЖКГ і некаторых іншыя віды выдаткаў.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў