Прафсаюзы адмаўляюцца ад акцыі на 1 траўня


Менскія ўлады не далі дазвол на правядзеньне шэсця па заяўленым маршруце.

Заяўнікам першатравеньскай дэманстрацыі выступаў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Ягоны старшыня Аляксандр Ярашук заявіў, што арганізацыя вырашыла адмовіцца ад правядзення акцыі.

«Мы дачакаліся канца працоўнага дню і адправілі заяву з адмовай у правядзенні мітынгу, бо нам не дазволілі правесці дэманстрацыю», – цытуе Ярашука радыё «Свабода».

Заяўнікі меркавалі сабрацца каля будынку Акадэміі навук і выправіцца шэсцем да плошчы Бангалор, пасля чаго правесці мітынг у парку. Аднак менскія ўлады пагадзіліся толькі на правядзенне мітынгу ў парку.

Паводле Ярашука, перамовы з чыноўнікамі вынікаў не далі.

На 1 траўня акцыю планаваў таксама лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікола Статкевіч, ён папярэдзіў Менгарвыканкам пра намер сабраць людзей на Кастрычніцкай плошчы. Але ў пятніцу Статкевіч знік. Пасля 16-гадзінных пошукаў ягоная жонка Марына Адамовіч даведалася, што палітык арыштаваны. У суботу ён атрымаў 5 содняў адміністрацыйнага арышту.

ДД

Глядзі таксама
Каментары