Стартаваў прыём заявак на прэмію «Прафота»


Арганізатары абяцаюць пераможцам персанальную выставу і візіт на міжнародную фатаграфічную падзею.

Прэмія – частка менскага Месяца фатаграфіі, які сёння будзе распачаты ў прасторы ЦЭХ ужо другі год запар. Арганізатары «Прафота» ставяць перад сабой мэту развіцця беларускай фатаграфіі і стварэнне поля для актыўнага ўзаемадзеяння аўтараў, крытыкаў і аматараў гэтага віда мастацтва. Конкурс для Беларусі – унікальны, бо прымае як дакументальныя, так і мастацкія працы. Што цікава, умовы не абмяжоўваюць колькасць дасланых працаў, і тэарэтычна пераможцам у кожнай намінацыі можа быць адная і тая ж асоба.

Летась у намінацыі «Арт-фатаграфія» перамог праект Аляксандра Міхалковіча (які нядаўна стаў героем «Белсату») «Прымусіць інтэрнэт памятаць Галакост», а галоўную ўзнагароду ў «Дакументальнай фатаграфіі» узяла Святлана Ярковіч з серыяй «Паміж лесам і ракой».

Прафотаўскае журы – міжнароднае, што выключае нейкую перадузятасць у даволі камерным беларускім фатаграфічным асяроддзі. Каманда суддзяў у параўнанні з леташнім складам амаль цалкам змянілася: у «жывых» засталася толькі Ганна Шпакава з Маскоўскай школы фатаграфіі і мультымедыя імя Родчанкі. Летась на цырымоніі ўзнагароджвання яна зычыла беларускім аўтарам «большай смеласці і ў выбары ідэі, і ў выбары візуальных сродкаў для яе рэалізацыі».

Калі не маеце смелых праектаў, то час іх выканаць яшчэ ёсць: працы на прэмію прымаюцца да 20 кастрычніка, здымкаў у кожнай серыі не павінна быць болей за дваццаць.

ДД, Belsat.eu

Стужка навінаў