Прафесар Пастухоў: У Беларусі існуе дыскрымінацыя недзяржаўных ВНУ


Паводле прафесара Міхаіла Пастухова, у Беларусі дзейнічае «схаваная дыскрымінацыя» недзяржаўных ВНУ.

«Адна справа, калі ты скончыш Белдзяржуніверсітэт, іншая справа – калі Беларускі інстытут правазнаўства, – кажа Пастухоў. – Безумоўна, недзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі імкнуцца падтрымліваць сваё рэнамэ і даюць не горшую адукацыю за дзяржаўныя ВНУ. Аднак выпадкі, калі іх выпускнікі ўладкоўваюцца на працу ў дзяржаўныя органы – адзінкавыя», – сказаў Міхаіл Пастухоў у размове з журналістамі novychas.info.

У Беларусі дзейнічае «двухпатокавы» набор студэнтаў. Той, хто не трапіў на бюджэтную форму адукацыі ў дзяржаўныя ВНУ, можа падаць дакументы ў тую ж дзяржустанову на платную форму навучання і толькі ў апошнюю чаргу – у прыватную навучальную ўстанову.

«У выніку недзяржаўным ВНУ дастаюцца тыя абітурыенты, якія не прайшлі конкурс у ВНУ дзяржаўныя. На практыцы гэтыя ВНУ не маюць магчымасці канкураваць з дзяржаўнымі ў адборы лепшых навучэнцаў. Ім прыходзіцца «збіраць» студэнтаў сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню», – зазначыў Пастухоў.

А з гэтай праблемы вынікае іншая: дыскрымінацыя выпускнікоў недзяржаўных ВНУ, лічыць прафесар.

У Беларусі працуе 54 (45 дзяржаўных) ВНУ, у якіх навучаюцца больш за 350 тысяч.

ЮВ, belsat.eu, паводле novychas.info

Стужка навінаў