Прафесар Акадэміі МУС: У Беларусі неабходна прыняць дзяржаўную праграму падтрымання беларускае мовы


Валянціну Мароз віншуюць з нагоды атрымання ступені доктара філалагічных навук. Фота: academy.mia.by 

Прафесар кафедры беларускай і замежных моваў Акадэміі Міністэрства ўнутраных справаў Валянціна Мароз заявіла пра гэта на I Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры ў Нацыянальнай акадэміі навук.

«За сваю гісторыю беларуская мова прайшла шлях ад гаворак крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў праз перыяды мовы народнасцяў у Вялікім Княстве Літоўскім і нацыянальнага адраджэння ў XIX–XX стагоддзях, дасягнуўшы найвышэйшай ступені свайго развіцця – нацыянальнай мовы», – нагадала яна. Мароз падкрэсліла, што сёння «ўва ўсіх сферах, у тым ліку ў сілавых структурах, беларуская мова разглядаецца як фактар абароны і забеспячэння нацыянальнага суверэнітэту».

Чытайце таксама >>> У Баранавічах перанеслі суд, бо суддзя не ведае беларускай мовы

З пачатку 1990-х гадоў у дзяржаве рабіліся розныя захады, каб урэгуляваць моўныя пытанні, пачынаючы ад абвяшчэння беларускай мовы адзінаю дзяржаўнаю, да рэферэндуму, які надаў расейскай мове роўны статус з беларускаю, і шэрагу паправак у моўнае заканадаўства.

«Відавочна, што назапашаныя праблемныя пытанні ў практыцы выкарыстання дзвюх моваў за апошнія 20 гадоў не могуць быць вычарпаныя асобнымі нават істотнымі папраўкамі ў заканадаўстве, – адзначыла Мароз. – Прававое рэгуляванне і ўнясенне паправак у заканадаўчыя дакументы павінны быць падмацаваны дзяржаўнаю праграмаю падтрымання беларускай нацыянальнай дзяржаўнай мовы».

Прафесар Акадэміі МУС нагадала, што адразу пасля прыняцця ў 1990 годзе Закону «Аб мовах у Беларускай ССР», які вызначыў беларускую адзінаю дзяржаўнай мовай, была прынятая дзяржаўная праграма, якая рэгулявала паэтапны пераход усіх сфераў, пачынаючы з адукацыйнай, на беларускую мову.

«Для кожнай сферы там пазначаўся пэўны тэрмін – на дзелавую сферу адводзіліся тры гады, на дашкольнае навучанне і сферу адміністрацыі – пяць гадоў, на адукацыйную сістэму – дзесяць гадоў. Мы добра помнім, што гэты працэс пераходу ўсіх сфер дзяржаўнага рэгулявання сапраўды быў рэальным», – зазначыла яна.

«Сёння мы таксама на тым этапе, калі патрэбныя рэальныя захады, якія б маглі прывесці да пэўнай роўніцы сістэму дзвюхмоўя ў законе і Канстытуцыі, каб кожны ведаў, як і дзе ён не проста мае права, але і павінен карыстацца беларускай моваю. У гэтай сітуацыі асаблівую ўвагу трэба надаваць сістэме адукацыі, бо выхаванне і навучанне беларусаў мусіць даваць магчымасць сапраўды засвойваць усю сістэму нацыянальных каштоўнасцяў, гістарычную памяць на нацыянальнай мове. А ва ўмовах дзвюхмоўя гэта можна зрабіць толькі з дапамогаю адпаведнай дзяржпраграмы», – дадала Мароз.

Паводле яе, такая дзяржаўная праграма мусіць замацаваць, што ў кожнай навучальнай установе «павінна быць вызначанае кола прадметаў – не меней за 50 % гуманітарных і адмысловых дысцыплінаў, якія б чыталіся па-беларуску».

«Мы можам прапанаваць ад імя кангрэсу стварыць аўтарытэтны навуковы калектыў, які б выпрацаваў механізм рэгулявання і выкарыстання рэальнага дзвюхмоўя ўва ўсіх сферах – асобна для адміністрацыйнай, адукацыйнай, навуковай сфер і гэтак далей. Далей мы можам ініцыяваць прыняцце адпаведнай праграмы на аснове навуковых высноваў камісіі», – сказала Валянціна Мароз.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў