Прадстаўнік Вярхоўнага суду параіў журналісту «Белсату» абскарджваць адміністратыўны арышт


Першы намеснік старшыні Вярхоўнага суду Валерый Калінковіч параіў журналісту нашага тэлеканалу Алесю Баразенку, які пасля Дня Волі адсядзеў 15 содняў, абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі. Журналіст распавёў, што пра гэта думае.

На сённяшняй прэс-канферэнцыі першага намесніка старшыні Вярхоўнага суду Валера Калінковіча запыталі, як ён ставіцца да таго, што журналісту па рашэнні суда далі 15 содняў за фразу: «Я журналіст».

«Што тут доўга каментаваць? Калі чалавек не згодны з высновамі суда першай інстанцыі, ён можа абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі. Выключная кампетэнцыя па ацэнцы ўсіх доказаў па канкрэтнай справе належыць суду – суду першай інстанцыі, суду другой інстанцыі. У гэтым прававым полі і павінная давацца ацэнка кожнаму судоваму рашэнню, з якім адзін з бакоў не згодны», – падае словы Валера Калінковіча Tut.by.

У сваю чаргу Алесь Баразенка распавёў, што думае пра заяву Валера Калінковіча:

«Гэта ўсё вельмі падобна на тое, што, калі цябе на вуліцы збілі, пасля папрасіць разабрацца ў сітуацыі тых, хто цябе збіваў. Намеснік старшыні Вярхоўнага суду гэта сказаў банальна, каб ад яго адчапіліся. Валер Калінковіч выдатна разумее, як працуе сістэма, адным з кіраўнікоў якой ён з’яўляецца, разумее і тое, што ніякія абскарджанні нічога не дадуць. Я збіраюся даводзіць справу да міжнародных інстанцый. Яшчэ падумаю, ці звяртацца з абскарджаннямі ў беларускія суды – магчыма, гэта фармальна патрэбна для звароту ў міжнародныя інстанцыі».

Аператара затрымалі падчас Дня Волі 25 сакавіка. Паводле паказанняў міліцыянтаў у судзе, Баразенка нецэнзурна выражаўся і крычаў, махаў рукамі. Гэтыя словы поўнасцю абвяргае відэазапіс, які быў зроблены падчас затрымання.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў