Прадстаўнік Расеі на ПА АБСЕ: Украіна – Шухевічфэст. Мы не падтрымаем рэзалюцыю па дэакупацыі Данбасу і Крыму


Расейская дэлегацыя будзе выступаць супраць рэзалюцыі аб аднаўленні суверэнітэту Украіны, вынесенай на разгляд Парламенцкай асамблеі АБСЕ, паведамляе interfax.by.

«Мы катэгарычна супраць прапанаванай Украінай рэзалюцыі, якая называецца «аднаўленне суверэнітэту». Мы лічым, што краіна, якая ня мае суверэнітэту, ня мае права быць прадстаўленай на ПА АБСЕ», – заявіў перад пачаткам сесіі намеснік старшыні Дзяржаўнай Думы, кіраўнік расейскай дэлегацыі на ПА АБСЕ Пётр Талстой.

У праекце рэзалюцыі Кіеў заклікае Маскву аддаць Крым, прытрымлівацца дамоўленасцяў па Данбасе, а таксама сцвярджаецца, што некаторыя раёны Данецкай і Луганскай абласцей знаходзяцца пад кантролем «расейскіх гібрыдных сілаў».

«Калі суверэнітэту няма, то з кім мы размаўляем? З людзьмі, якіх абралі на частцы тэрыторыі… Што гэта за дзяржава? Кіеў і ваколіцы? Шухевічфэст?», – кажа Талстой.

Летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ праходзіць (з 5 па 9 ліпеня) у Менску.

ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў