Прадстаўнік брытанскай каралеўскай сям'і прыехаў у Беларусь


На сустрэчы з Майклам Кентскім Аляксандр Лукашэнка выказаў спадзяванне на прыход у Беларусь брытанскіх бізнесоўцаў.

На сустрэчы з членам брытанскай каралеўскай сям’і – стрыечным братам каралевы Лізаветы II прынцам Майклам Кентскім, – кіраўнік Беларусі заявіў, што ў сферы міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікай Брытаніі «непераадольных пытанняў няма».

«Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікая Брытанія, напэўна, не вельмі цікавілася сітуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватары дзеянняў Бруселю, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Ваш прыезд, спадзяюся, адкрые новую старонку нашых адносін, і вельмі многія палітыкі і бізнесмены, якія зацікавяцца Беларуссю, атрымаюць гэтую характарыстыку з вашых вуснаў», – сказаў Лукашэнка.

Беларускі прэзідэнт выказаў спадзяванне, што дачыненні Беларусі і Вялікай Брытаніі будуць развівацца:

«У нас ёсць вялікая цікавасць у гандлі».

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за вялікую дапамогу і дабрачыннасць, якую Вялікая Брытанія аказвае ў дачыненні да дзяцей з тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Вы падставілі сваё плячо і дапамаглі нам аздаравіць тысячы дзяцей. За гэта вам велізарная падзяка», – сказаў кіраўнік Беларусі.

У сваю чаргу прынц Майкл Кентскі падзякаваў за цёплы прыём, адзначыўшы, што для яго вялікае задавальненне знаходзіцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што з’яўляецца першым прадстаўніком брытанскай каралеўскай сям’і, які наведвае Беларусь.

Прынц Майкл Кентскі з 1981 года займаецца бізнесам і дабрачыннасцю. Узначальвае ўласную кансалтынгавую кампанію, якая працуе ў розных краінах свету і якая аказвае шырокі спектр паслуг у сферах будаўніцтва, тэлекамунікацыяў, страхавання, фінансаў, турызму, медыцыны, авіяцыі і аўтамабілебудавання.

Паводле словаў прынца, у Беларусь ён прыехаў у сувязі з пытаннямі «бяспекі на дарогах».

Па выніках 2015 года Вялікая Брытанія заняла трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі ў свеце, саступіўшы толькі Расеі і Украіне. Беларускі экспарт у Вялікую Брытанію склаў $ 2,98 млрд, імпарт – $ 176,2 млн.

За мінулы год аб’ём брытанскіх інвестыцыяў у эканоміку Беларусі склаў 2,34 млрд пры гэтым сума прамых інвестыцыяў – 2,19 млрд, з якіх на чыстай аснове – 44,5 млн.

У Беларусі зарэгістравана 422 прадпрыемствы з брытанскім капіталам. У Вялікай Брытаніі дзейнічаюць два суб’екты тавараправоднай сеткі беларускіх экспарцёраў – кампанія ВNK UK Ltd (даччыная структура ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія») і прадстаўніцтва ААТ «Авіякампанія «Белавія». У снежні 2015 года ў Лондане таксама зарэгістравана прадстаўніцтва ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь».

Вялікая Брытанія ўваходзіць у лік краін, якія аказваюць значную гуманітарную дапамогу Беларусі. У Злучаным Каралеўстве дзейнічае больш за 100 сацыяльна-гуманітарных арганізацыяў, якія аказваюць садзейнічанне Беларусі ў пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

ДД, belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў