Прадстаўнікі дэмсілаў абмеркавалі ў Варшаве набалелае


Адным з галоўных пытанняў на павестцы дня ў польскім Сейме сталі сітуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, праблема абрання адзінага кандыдата, ацэнка становішча з правамі чалавека, медыяў, дзейнасці дэмакратычных структураў.

Паводле першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча, у дыскусіі з польскага боку прымалі ўдзел прадстаўнікі самых розных палітычных структураў, і беларускае пытанне здолела аб’яднаць нават палітычных праціўнікаў.

У сустрэчы прымалі ўдзел 8 прадстаўнікоў партыяў і палітычных рухаў Беларусі, а таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары Польшчы.

Паводле Губарэвіча, у такім фармаце размова адбылася ўпершыню.

«Удзельнікі дамовіліся развіваць міжпартыйную супрацу, як гэта ўжо ёсць у палякаў з літоўцамі і шведамі», – адзначыў Губарэвіч.

Паводле палітыка, «праз Украіну нейкі час было зніжэнне цікаўнасці да нашай краіны, але Беларусь вяртаецца ў кола інтарэсаў польскай палітыкі».

Наступная сустрэча адбудзецца ўвесну.

ДР, belsat.eu паводле pyx.by, racyja.com

Стужка навінаў