Прадстаўнік Пуціна назваў супадзеннем узнагароджанне Кадырава і арышты па справе Нямцова


Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў назваў выпадковым супадзенне ўзнагароджання кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава з арыштам падазраваных у забойстве апазіцыянера Барыса Нямцова, адзін з якіх служыў ва ўнутраных войсках каўказскай рэспублікі.

Прысваенне ўсіх узнагародаў, у тым ліку Рамзану Кадыраву, планавалася даўно, растлумачыў rbc.ru прэс-сакратар расейскага прэзідэнта. «Афармленне ўзнагародных дакументаў ідзе некалькі месяцаў», – падкрэсліў ён.

Указам ад 8 сакавіка Пуцін узнагародзіў Рамзана Кадырава ордэнам Пашаны. У дакуменце гаворыцца, што ўзнагароджанне прысвойваецца «за дасягнутыя працоўныя поспехі, актыўную грамадскую дзейнасць і шматгадовую добрасумленную працу».

У нядзелю, 8 сакавіка, Басманны суд Масквы выдаў ордэр на арышт пяцярых падазраваных па справе аб забойстве НямцоваЗаура Дадаева, Анзора Губашава, Шагіда Губашава, Тамерлана Эскерханава і Хамзата (Рамзана) Бахаева. Усе яны прабудуць пад вартай да 28 красавіка. Пакуль абвінавачанне выстаўлена толькі Зауру Дадаеву і Анзору Губашаву.

Дадаеў, які быў камандзірам батальёну Чачэніі, прызнаўся, што датычны да забойства палітыка 27 лютага ў цэнтры Масквы. Ён заявіў, што застрэліў Нямцова за «негатыўныя выказванні ў адрас мусульманаў».

Следства сцвярджае, што затрыманыя маюць дачыненне як да злачыннай арганізацыі, так і да здзяйснення забойства.

Агенцтва «Росбалт» сцвярджае, што па гэтай гучнай справе затрыманыя яшчэ два чалавекі. Крыніца выдання ў праваахоўных органах засведчыла, што адзін з затрыманых з’яўляецца стрыечным братам высокапастаўленага чачэнскага сілавіка.

Рамзан Кадыраў зрабіў першую заяву адносна затрымання падазраваных у забойстве Нямцова пасля санкцыі суда на арышт фігурантаў крымінальнай справы.

Кіраўнік Чачэніі назваў Заура Дадаева і яшчэ аднаго падазраванага Беслана Шаванава, які падарваў сябе пры спробе затрымання, «адважнымі ваярамі». Кадыраў таксама выказаў упэўненасць, што па справе будзе праведзена дбайнае расследаванне, якое пакажа, ці сапраўды вінаваты Дадаеў, якога ён лічыць сапраўдным патрыётам Расеі, гатовым аддаць за радзіму жыццё.

Сын першага прэзідэнта Чачэніі Ахмата Кадырава кіруе рэспублікай з 2007 года. У 2004 годзе Рамзану Кадыраву было прысвоена званне Героя Расеі, ён таксама ўзнагароджаны некалькімі дзяржаўнымі ўзнагародамі РФ, у тым «За вызваленне Крыму».

МЯ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Глядзі таксама
Каментары