Прадстаўнік ЛНР: У Менску будуць абмяркоўваць пытанне выбараў на Данбасе


Рабочыя падгрупы будуць абмяркоўваць 2 чэрвеня ў Менску правядзенне мясцовых выбараў у самаабвешчаных Луганскай і Данецкай Народных Рэспубліках, выплаты пенсіяў і рамонт аб’ектаў інфраструктуры, заявіў у пятніцу паўнамоцны прадстаўнік ЛНР на менскіх перамовах Уладзіслаў Дэйнэга.

Ён распавёў, што падгрупа па палітыцы будзе абмяркоўваць адно з ключавых пытанняў – выбары ў ДНР і ЛНР. Падгрупа па эканамічных пытаннях засяродзіцца на аднаўленні сацыяльных выплат у рэгіёне. «Там некалькі складнікаў: пытанні ўліку, пытанні тэхнічнага забеспячэння працэсу выплат. Для гэтага трэба адкрыць, як мінімум, па аднаму аддзяленню банкаў украінскіх у Данецку і ​​Луганску», – удакладніў прадстаўнік ЛНР.

Акрамя таго, па ініцыятыве спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ на Украіне будзе абмяркоўвацца пытанне аднаўлення канкрэтных аб’ектаў інфраструктуры ў рэспубліках, падае interfax.by.

Уладзіслаў Дэйнэга адзначыў, што не чакае прарыву на перамовах пасля сустрэчы рабочых падгруп. «Некаторыя групы пераходзяць да канкрэтыкі, але чакаць, што адразу пасля першага пасяджэння мы атрымаем вынік, гэта досыць наіўна. Галоўнае, чаго хацелася б дасягнуць, – гэта ўзаемадзеяння з украінскім бокам, якога пакуль няма. З таго боку мы бачым пакуль толькі імітацыю», – падкрэсліў ён.

Напярэдадні прадстаўнік ДНР на менскіх перамовах Дзяніс Пушылін паведаміў, што пасяджэнне кантактнай групы па Украіне пройдзе ў Менску 2 чэрвеня.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў і экс-прэзідэнт Украіны, прадстаўнік Украіны на перамовах Леанід Кучма. Ён падкрэсліў, што адно з найважнейшых пытанняў пасяджэння – пытанне дэмілітарызацыі Шырокіна і адвод ад лініі судакранання ўзбраення калібрам менш за 100 мм – мінамётаў і танкаў.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары