Прадстаўнік Хельсінкскага камітэту: Лукашэнка пачаў «мяккую беларусізацыю» ад страху перад Расеяй


Праз шматгадовую дыскрымінацыю беларускай мовы жыхары нашай краіны не толькі размаўляюць на мове ўсходніх суседзяў, але і перанялі іхныя палітычныя погляды. Улады заўважылі гэтую праблему і з асцярогай спрабуюць яе выправіць. Так лічыць спецыяліст Беларускага Хельсінкскага камітэту Леанід Мархотка.

– Вы бачыце змены ў стаўленні ўладаў да беларускай мовы?

– На самым пачатку свайго кіравання Лукашэнка казаў, што на беларускай мове нельга выкладаць, што выказаць якую-небудзь думку ёміста на ёй таксама немагчыма. А цяпер так, і ад самога кіраўніка краіны, і ад іншых асоб вышэйшага кіраўніцтва ўвесь час зыходзіць думка, што без мовы няма ідэнтычнасці і няма дзяржавы. І падзеі ва Украіне, і рыторыка расейцаў пра тое, што «яны на танках будуць абараняць усіх, хто гаворыць па-расейску» таму віной. Лукашэнка разумее, што без мовы ні пра якую суверэннасць не можа ісці і гаворкі.

– На думку расейскіх медыяў, цяпер у Беларусі праводзіцца «мяккая беларусізацыя». Вы згодныя з гэтым?

– Так. Дайшло да кіраўніка Беларусі: калі ён хоча застацца прэзідэнтам менавіта асобнай дзяржавы, то беларускую мову трэба падтрымліваць, каб людзі разумелі, што тут, усё ж такі, не Расея. У Менску, вядома, беларусізацыя адчуваецца значна больш. У рэгіёнах жа гэта пакуль толькі на словах, а не дзеяннях. Напрыклад, у Салігорскім гарвыканкаме няма ніводнай дзвярной таблічкі на беларускай мове, што з’яўляецца абразай беларускамоўных людзей, якія прыходзяць у гэту ўстанову. Дарэчы, з гэтай нагоды мы нават рабілі запыт у Міністэрства юстыцыі, дзе праблему пацвердзілі: так, маўляў, і ў судах, і ва ўстановах мясцовых уладаў мусяць быць назвы на беларускай мове. Што яшчэ горш, у Салігорску няма ніводнай беларускамоўнай школы або садка – гэта абуральны выпадак, і так па ўсіх рэгіёнах краіны.

– Вы падрыхтавалі даклад пра дыскрымінацыю беларускамоўных жыхароў і адправілі ў Адміністрацыю прэзідэнта, дзе яго не разгледзелі. Якім Вы бачыце лёс дакладу?

– Так, мы дакладвалі пра тое, што дзяржаўныя ўстановы наўпрост парушаюць правы беларускамоўнага насельніцтва. Мы здымалі на відэа ўсе гэтыя расейскамоўныя рэкламныя шчыты, аб’явы, таблічкі. У Адміністрацыі даклад не прынялі па фармальных прычынах, якія мы ліквідавалі, і цяпер спадзяемся на нейкае садзейнічанне з боку дзяржавы. Дарэчы, напрыклад, мы казалі пра тое, што прыйшоў нядаўна ў краіну літоўскі брэнд «Mart Inn», які цэннікі робіць або на беларускай мове, або на дзвюх – чаму замежнікі больш паважаюць нашу ўласную мову?

– Якія канкрэтныя рашэнні для паляпшэння дадзенай сітуацыі Вы бачыце?

– Мы хочам, каб усе дзяржаўныя служачыя абавязкова, а не па жаданні, як цяпер, здавалі іспыты па беларускай мове. Вядома, калі цяпер правесці даследаванне, то 80 % з іх прыйшлося б звольніць. Але можна арганізаваць для іх хоць нейкія курсы перакваліфікацыі. Зрабіць гэта будзе лёгка і нескладана.

– Чаму беларусы не толькі размаўляюць, але нават «думаюць» па-расейску?

– Сітуацыя складаная. 70 % беларусаў, дзякуючы прапагандзе расейскіх тэлеканалаў, упэўненыя, што «Крым наш». Па краіне вялікая колькасць людзей ездзіць з георгіеўскімі стужкамі на машынах. Гэтыя людзі, атручаныя ідэалогіяй, як у Данбасе, у выпадку нейкай напружанай сітуацыі па камандзе Крамля штурмам возьмуць гарвыканкамы і павесяць расейскія сцягі. Ды і самі чыноўнікі, думаю, шчыра вераць у тое, што паказваюць па тэлевізары. На шчасце, ёсць і станоўчыя моманты – дамагліся ж і аб’яваў на беларускай мове ў грамадскім транспарце Менску. Дамагліся і пастановы ўраду пра тое, каб абавязаць чыноўнікаў адказваць на той мове, на якой быў зроблены запыт. Пагроза страты дзяржаўнасці і суверэнітэту – рэальная пагроза, якую ўлады ўжо ўсвядомілі. Прагрэс ідзе, хай і маленькімі крокамі. Але кардынальных паляпшэнняў можна чакаць толькі пасля змены палітычнай сістэмы, калі мы самі будзем выбіраць уладу, а не жыць па прынцыпах і паняццях аднаго чалавека.

Размаўляў Яўген Балінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары