Прадпрымальніца Лябедзьку: Вару суп ды пяку дранікі. Да пабачэння!

video

Не ўсе прадпрымальнікі цешацца дапамозе палітыкаў.

https://youtu.be/SlCKP9O7PA8

Апазіцыйныя палітыкі рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў ды ідуць у народ. У Магілёве прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі сустрэліся з прадпрымальнікамі і працаўнікамі мясцовых прадпрыемстваў. Пакуль Аляксандр Лукашэнка шукае выйсця з крызісу і раздае загады чыноўнікам, апазіцыйныя палітыкі прэзентуюць гатовую антыкрызісную праграму.

Як выглядае сёння жыццё і праца дробных гандляроў? Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі вырашылі даведацца пра гэта на магілёўскіх рынках. Значная частка прадпрымальнікаў працягвае працу без неабходных дакументаў, рызыкуючы атрымаць буйныя штрафы.

«Выйшлі ад безвыходнасці, каб хоць нейкую капейку зарабіць. Пакупнікоў, як бачыце, мала. На хлебік, і ўсё», – кажа гандлярка.

Гандляр побач заўважае:

«Было два месяцы, але ўсе здаліся. Цяпер усе разбягуцца хто куды».

А таму прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыйшлі на Віленскі рынак, як кажуць, не з пустымі рукамі. Паводле кіраўніка Анатоля Лябедзькі:

«Мы прыехалі з нашым дакументам «Платформа-11». Гэта адзінаццаць пунктаў, што мусіць зрабіць улада для таго, каб прадпрымальнікі не знікалі як праслоек сацыяльны, а наадварот, каб яны пераходзілі ў больш высокую катэгорыю».

Частка прадпрымальнікаў станоўча паставілася да прапановаў АГП. Аднак былі і непрыемныя моманты.

«Мы гандляры, мы не палітыкі! Выйдзіце адсюль! Нас і так тут ціснуць», – спрабавала выганяць Анатоля Лябедзьку і яго паплечнікаў прадстаўніца ІП.

А вось што заявіла яшчэ адна ейная калега:

«Я ўсё жыццё з торбаю прахадзіла. Мне пры той уладзе, ці пры гэтай усё аднолькава. Я пяку дранікі ды вару суп малочны. Усё, да пабачэння!»

Зрэшты, хутка ўдзельнікамі акцыі зацікавілася і адміністрацыя Віленскага рынку.

«Гэта прыватная, а не грамадская тэрыторыя. Калі ласка, прашу», – таксама ўказала на выйсце з рынку прадстаўніца адміністрацыі ўстановы.

Дакладна такая ж рэакцыя была і на Грэбенеўскім рынку:

«Гэта прыватны рынак. Пакіньце тэрыторыю».

Нягледзячы на перашкоды, сустрэчы з прадпрымальнікамі ўсё ж такі адбыліся. Прадстаўнікі АГП, БХД і руху «За Свабоду» правялі размовы з патэнцыйнымі выбарцамі і ў іншых грамадскіх месцах гораду. Улёткі раздавалі на прыпынках, а таксама каля прахадной заводу «Хімвалакно». Адначасова прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі збор подпісаў за змены ў сістэме аховы здароўя.

«Не задавальняе тое, што абслугоўванне не такое, як мусіць быць», – выказвае свае прэтэнзіі магілёвец.

Такое можна было пачуць ад большасці апытаных. А гэта далёка не адзіная праблема, з якою амаль штодня сутыкаюцца жыхары краіны.

«Праблемы глабальныя, праблемы аднолькавыя: рэформа медыцыны, камунальнай гаспадаркі, эканамічныя рэформы. Калі гэта не будзе развязвацца на агульнанацыянальным узроўні, то адзін рэгіён гэта не развяжа. Трэба зрабіць, каб рэгіёны выступалі салідарна», – кажа Віталь Рымашэўскі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Салідарнасць рэгіёнаў – адна з галоўных мэтаў, якія сёння ставяць перад сабою прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі. Структура цяпер займаецца выпрацоўваннем плану дзеянняў падчас парламенцкай выбарчай кампаніі. Як заяўляюць сябры кааліцыі, ужо стварылі адзіны спіс імаверных кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ды руху «За Свабоду». Наступны этап – гэта прыцягненне новых людзей у выбарчыя штабы.

«Для нас важна, каб кандыдаты дайшлі да кожнага чалавека, каб паказалі, што ў Беларусі ёсць альтэрнатыва, што на фоне крызісу ёсць цвярозыя ідэі, як зрабіць зрабіць жыццё лепшым», – распавядае Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду»).

Да выбараў застаецца не так шмат. Абіраць новых дэпутатаў у Беларусі будуць сёлета ў верасні.

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары