Прадпрымальнікі падалі заяўку на вулічную акцыю, бо іх «не чуюць улады»


У Менску праходзіць форум прадпрымальнікаў.

Індывідуальны прадпрымальнікі падалі заяўку на правядзенне 15 лютага вулічнай акцыі на плошчы Бангалор у Менску. Пра гэта заявілі на форуме прадпрымальнікаў, які адбываецца 1 лютага ў менскім гатэлі «Пекін».

Неабходнасць вулічнай акцыі кіраўнік Рэспубліканскага грамадскага абʼяднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка патлумачыў тым, што ІП «не чуюць улады». Раней ён выступаў супраць такіх акцыяў, але апошнім часам у беларускіх гарадах адбыліся спантанныя сходы прадпрымальнікаў.

Таксама падчас сваёй прамовы Анатоль Шумчанка заявіў, што прадпрымальнікі будуць патрабаваць прамых перамоваў з кіраўніком Аляксандрам Лукашэнкам.

Пасля форуму кіраўнік «Перспектывы» пачне збіраць ініцыятыўную групу, каб прапанаваць закон супраць указу кіраўніка краіны № 222.

Для таго, каб падаць законапраект наўпрост у Палату прадстаўнікоў, ініцыятыўная група павінна налічваць прынамсі 50 тыс. асобаў. Анатоль Шумчанка верыць, што такая колькасць назбіраецца.

Згодна з указам № 222, з 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць тавары легпраму толькі з суправаджальнымі дакументамі. У сваю чаргу расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляецца пераважная большасць іпэшнікаў, у асноўным не выдаюць такіх папераў. Па гэтай прычыне з пачатку года многія прадстаўнікі малога бізнесу спынілі працу.

У залі гатэлю «Пекін» сабралася каля тысячы чалавек, па-за залай засталіся тыя, каму не хапіла месца.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў