Прадпрымальнікі не пойдуць на Бангалор


Наагул, нікуды не пойдуць: Анатоль Шумчанка заявіў пра адмену мітынгу 15 лютага.

Лідар «Перспектывы заявіў пра рашэнне рады грамадскага абʼяднання адклікаць заяву на правядзенне мітынгу, што быў запланаваны на наступны панядзелак. Улады дазволілі правесці яго ў Парку сяброўства народаў на плошчы Бангалор.

Грамадскае абʼяднанне, аднак, не выключае, што мітынгі і іншыя дазволеныя законам масавыя мерапрыемствы могуць быць выкарыстаныя ў будучыні:

«Асноўны матыў такога рашэння – гэта дасягненне першачарговай мэты: пачатку дыялогу, якога ў ІП не было з урадам апошнія 6–7 гадоў, што прывяло да той крызіснай сітуацыі, у якой знаходзіцца бізнес сёння, а менавіта страты магчымасці працаваць».

«Перамовы з чальцамі ўраду пачаліся 8 лютага 2016 году, у сувязі з чым знікла неабходнасць ва ўжыванні такога інструменту, як мітынг. Мітынг нам патрэбны быў для таго, каб паўплываць на чыноўнікаў у мэтах стварэння перамоўнай пляцоўкі па праблемных пытаннях. Гэтая пляцоўка створаная шляхам намаганняў «Перспектывы», – гаворыцца ў заяве рады «Перспектывы».

Раней пачала сваю дзейнасць працоўная група па пытаннях дзейнасці ІП пры Грамадска-кансультатыўнай радзе па развіцці прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі.

У эфіры нашага тэлеканалу Ірына Яскевіч, лідарка прафсаюзу ІП «Разам» заявіла, што акцыя 15-га лютага застаецца, на яе думку ў сіле: «Гэта самастойнае рашэнне Шумчанкі. Мы яшчэ не абмяркоўвалі гэтае пытанне з людзьмі. Да 15-га ёсць яшчэ час».

ДД

Глядзі таксама
Каментары