Прадпрымальнікі могуць арганізаваць сацыяльныя пратэсты па ўсёй краіне


Апошняя надзея захаваць свой бізнес, працу і прыбыткі. Сотні прадпрымальнікаў, якіе прыехалі ў Менск, вераць у станоўчыя вынікі гэтага форуму ў выглядзе новага дыялогу з уладамі.

ВІКТАР МАРЧЫК, АБʼЯДНАННЕ «ПЕРСПЕКТЫВА»:

«Яны спадзяюцца, што пасля форуму ўлады пойдуць на сустрэч у такой цяжкай сітуацыі, дадуць прадпрымальнікам папрацаваць, запрацаваць грошы, каб прынамсі пракарміць сваю сямʼю».

А часу застаецца зусім няшмат. Тым больш, што папярэднія перамовы з уладамі толькі на нейкі час перасунулі перспектыву банкруцтва большасці ІП.

СВЯТЛАНА КАЛАЧОВА, ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА, ГОМЕЛЬ:

«Працаваць з 1 студзеня мы не зможам. Мы прыпыняем сваю працоўную дзейнасць. Мы не будзем плаціць падаткі, мы не будзем плаціць арэнду. Дзяржава недаатрымае грошай як ад нас так і ад арэндадаўцаў».

Галоўнаю ж перашкодаю для абсалютнай большасці індывідуальных прадпрымальнікаў застаецца ўказ прэзідэнта нумар 222. Паводле дакументу гандляры абавязаныя мець суправаджальныя дакументы і сертыфікаты на тавар. У выпадку іх адсутнасці ІП чакаюць штрафы нават да 200 базавых велічыняў. Таму падчас сённяшняга форуму

абʼяднанне «Перспектыва» запрапанавала ўладам свой антыкрызісны план. Праект прадугледжвае, між іншага, мараторый на дзеянне прэзідэнцкага ўказу.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, АБʼЯДНАННЕ «ПЕРСПЕКТЫВА»:

«Мы спрабуем развязаць сітуацыю да першага студзеня, каб не даводзіць да крайнасцяў. Мы вельмі гэтага хочам. Мы хочам больш за ўсіх».

Ці атрымаецца дыялог пакуль не вядома. На сустрэчы прадпрымальнікаў быў прысутны прадстаўнік міністэрства гандлю. Аднак з ягоным словаў стала зразумела, што саступаць чыноўнікі пакуль не збіраюцца.

АНДРЭЙ МЯШКОЎ, МІНІСТЭРСТВА ГАНДЛЮ:

«Вы мусіце вынесці з гэтага форуму: мы будзем працаваць, не толькі павінны, але мусім працаваць. Калі неабходна прымаць нейкія рашэнні то яны прымаліся, прымаюцца і будуць прымацца. Але цывілізаваны рынак прадугледжвае гандаль з дакументамі. Цывілізаваны прынак прадугледжвае арганізаваны гандаль. Да гэтага мы ішлі не адзін год».

Прадпрымальнікі кажуць, што атрымаць такія дакументы практычна немагчыма. Аптавікі на рынках Мытнага саюзу папросту іх не маюць. У такім выпадку адказнасць за якасць тавару кладзецца цалкам на плечы ІП. А яны лічаць гэта недапушчальным. Прапанова ж уладаў гандляваць айчыннай прадукцыяй не сустрэла аптымізму.

СВЯТЛАНА КАЛАЧОВА, ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА, ГОМЕЛЬ:

«Наш беларускі тавар ён дарагі, ён непакупны, ён не заўсёды прыгожы, ён неканкурэнтаздольны. І яшчэ атрымоўваецца, што будзем гандляваць адным і тым жа».

Чакаць адказу ўладаў прадпрымальнікі збіраюцца да дваццаць восьмага снежня. У выпадку, калі ніхто не прыслухаецца да іх голасу, ІП не выключаюць арганізацыю сацыяльных пратэстаў ва ўсёй краіне. Далейшыя крокі дробныя бізнесоўцы абмяркуюць на наступным форуме, які пройдзе на пачатку студзеня.

Ян Бабіцкі, belsat.eu

Стужка навінаў