Прадпрымальнікі Лукашэнку: Беларускае паліто каштуе ў Маскве танней, чым у Беларусі


Дробным прадпрымальнікам застаецца або сысці з рынку, або аб’яднацца, лічаць прадпрымальнікі, якія прысутнічалі на нарадзе ў пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці з удзелам кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Нарада прайшла 17 сакавіка ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Экспабел». Перад яе пачаткам Лукашэнка абышоў гандлёвыя шэрагі, знаёмячыся з работай індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), падае БелаПАН.

Як расказала ўдзельніца сустрэчы Іна Аляксеенка, якая гандлюе ў цэнтры «Экспабел», – на нарадзе прагучала прапанова пакінуць прадпрымальнікам магчымасць гандляваць без дакументаў, але пры гэтым паэтапна павялічваць падатковую нагрузку для ІП. «Сёння мы плацім двухразовы адзіны падатак і двухразовы падатак на дадатковы кошт, затым паквартальны каэфіцыент будзе павялічвацца на 0,5. Да 1 студзеня 2016 года атрымаецца каэфіцыент 4», – зазначыла прадпрымальніца.

«Не для ўсіх гэта будзе добра, – дадала яна. – Дробнаму бізнесу, у якога па адным пункце памерам 3-4 квадратныя метры, выжыць будзе складана. Шмат хто зачыніцца, але іншага выйсця на сёння няма».

Тым не менш Аляксеенка дастаткова пазітыўна ацаніла вынікі сустрэчы. «Мы чакаем, што пасля сустрэчы з прэзідэнтам умовы працы аблегчацца, бо да яго ўмяшання мы віселі над безданню. Прэзідэнт прыпыніў дзеянне ўказа № 48 аб штрафных санкцыях, дзякуючы яму нам падоўжылі продаж рэшткаў тавару без дакументаў да 1 студзеня 2016 года», – зазначыла прадпрымальніца.

У сваю чаргу старшыня савету рынку з Маладзечна Тамара Багачова выказала меркаванне, што «дзевяцімесячная перадышка толькі часткова вырашыць праблемы малога бізнесу. Прадпрымальнікі, у якіх «зусім мала тавару і няма грошай, зачыняцца», у той час як «частка пойдзе на іншую працу, а некаторыя, магчыма, аб’яднаюць свае сродкі і будуць працаваць разам».

Паводле слоў Багачовай, прадстаўнікі буйнога бізнесу на сустрэчы былі супраць таго, каб ІП далі чарговую адтэрміноўку для распродажу тавараў без суправаджальных дакументаў. «Але мы змаглі даказаць, што ў нас з буйным бізнесам няма роўных абаротных сродкаў, што дробны бізнес шырока прадстаўлены на перыферыі, дзе сёння ўсе знаходзяцца ў цяжкіх умовах выжывання», – расказала спадарыня.

Багачова таксама паведаміла, што расказала прэзідэнту пра нізкую канкурэнтаздольнасць беларускага тавару з імпартным па дызайне і цане. Напрыклад, у Маскве паліто беларускага прадпрыемства «Элема» таннейшае, чым у Беларусі.

«Прынамсі з’явілася надзея, што на 1 красавіка ў прадпрымальнікаў будзе праца, – падкрэсліла Багачова, ацэньваючы вынікі нарады. – Мы тым часам падумаем, што трэба рабіць далей. Яшчэ трэба разабрацца з сертыфікатамі – гэтае рашэнне трэба пераглядаць, каб мы маглі атрымліваць гэтыя дакументы ў Расеі».

На думку прадстаўніка буйнога бізнесу, старшыні савету дырэктараў «Тытунь-інвест» Паўла Тапузідзіса, неабходна пакінуць указ кіраўніка Беларусі № 222 у сіле, каб усе гандлявалі з дакументамі (згодна з гэтым указам з 1 сакавіка 2015 года ІП павінны рэалізоўваць увесь тавар, які ўвозяць, з суправаджальнымі дакументамі). «Падатковыя павелічэнні больш небяспечныя. Не разумею, чаму ІП супраць гэтага не пратэстуюць», – зазначыў бізнесмен. Тапузідзіс падкрэсліў, што адзіная прычына, якая гэта тлумачыць, – вялікая нацэнка на тавары, што прадаюцца без дакументаў.

Як паведамлялася раней, па выніках нарады малы бізнес атрымаў магчымасць да 1 студзеня 2016 года рэалізоўваць тавары лёгкай прамысловасці, увезеныя з краін Мытнага саюзу, без суправаджальных дакументаў. З пачатку 2016 года ніякіх адступленняў больш не будзе, папярэдзіў Лукашэнка. Ён заклікаў ІП не чакаць канца года, а пачынаць ужо цяпер пераходзіць на працу з дакументамі. «Урад хацеў больш жорсткі варыянт указу, але мы вас пачулі. Нам не трэба вас эканамічна забіваць. Хочам вас прывесці да цывілізаванага рынку», – заявіў Лукашэнка.

Ён таксама заклікаў прадпрымальнікаў »не звязваць свае інтарэсы з палітыкай«. «Заўсёды папярэджваў, што калі вы блытаеце грошы і палітыку, то там ужо не закон бізнесу, а законы палітыкі. Але я маю на ўвазе, каб вы, прадпрымальнікі, не думалі, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў прэзідэнт вырашыў: а) з вамі сустрэцца і б) баіцца настрояў пратэсту», — заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён запэўніў, што крыўдзіць ІП дзяржава не збіраецца. Нікому не трэба, каб адначасова 20 тысяч чалавек (прыкладна столькі ІП цяпер не маюць сертыфікатаў на рэшткі тавару) апынуліся без працы, заявіў Лукашэнка.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў