Прадпрымальнікі гатовыя выйсці на вулічныя пратэсты

video

Пустыя рынкі і гандлёвыя месцы пад замком. У шмат якіх гарадах Беларусі індывідуальныя прадпрымальнікі спынілі сваю працу. Не выключэнне – «Першамайскі рынак» у Светлагорску, які вітае пакупнікоў адмысловаю абвесткай.

Тым часам прадпрымальніцкія сходы збіраюць сапраўдны аншлаг. І без таго высокі градус кіпення паднесла ўчорашняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што мядовыя гады прадпрымальнікаў скончыліся.

АНАТОЛЬ ЗМІТРОВІЧ, РАДА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РЫНКУ «ЦЭНТРАЛЬНЫ»:

«Ужо падыходзяць прадпрымальнікі з іншых гарадоў. У тым ліку з Рэчыцы, з Калінкавічаў, са Жлобіна і кажуць, давайце сумесныя дзеянні арганізуем. І я думаю, першы крок – гэта абʼяднанне ўсіх прадпрымальнікаў».

Галоўная мэта – адмена прэзідэнцкага ўказу № 222, які прадугледжвае абавязковую сертыфікацыю тавару. Але гандляры яшчэ раз падкрэсліваюць, што не супраць дакументу самога ў сабе.

ІРЫНА САВАЦЕЕВА, РАДА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ СВЕТЛАГОРСКУ:

«Мы матывуем, чаму гэты ўказ невыканальны для нас, для іпэшнікаў менавіта ў гэты момант. Чыноўнікі, улада мусяць ведаць з чаго спеюць пратэставыя настроі».

Прадстаўнікі малога бізнесу гэтым разам абʼядналіся як ніколі. На працу выйшлі адзінкі, а пратэставаць збіраюцца нават тыя, каго дакумент не закранае.

ВАСІЛЬ ТРУБЧЫК, ІПРАДПЫРМАЛЬНІК:

«Мой тавар не падлягае сертыфікацыі, але я падтрымліваю ўсіх. Калі мы зараз не будзем заяўляюць, што мы можам, далей нам будзе яшчэ горш і горш».

Падобныя сходы і падобныя настроі гэтымі днямі назіраюцца паўсюдна. Хоць абʼяданне «Перспектыва» заклікала не прымаць ніякіх рашэнняў да Форуму прадпрымальнікаў, які адбудзецца 25-га студзеня. Не ўсім, аднак, такое тармажэнне даспадобы.

ІРЫНА ЯСКЕВІЧ, ПРАДПРЫМАЛЬНІЦА, ВІЦЕБСК :

«На наш сход справаў прыйсці прадстаўнік »Перспектывы«. І мы яму сказалі: калі ты будзеш казаць пра тое, што мы будзем на плошчы 18-га, мы цябе паслухаем. Хопіць нас збіваць спанталыку сваймі чаканнямі».

Гатовасць да вулічнага пратэсту дэкларуюць усё больш прадстаўнікоў малога бізнесу. Такую магчымасць не выключалі сёння і ў Светлагорску.

АНАТОЛЬ ЗМІТРОВІЧ, РАДА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ РЫНКУ «ЦЭНТРАЛЬНЫ»:

«Досведу дастаткова. 2002-гі, 2005, 2007, 2008 гады. Калі мы ўпіраемся ў тупік, а людзям трэба жыць. Зараз страх выйсці на Плошчу значна меншы, чым страх застацца без сродкаў існавання».

І досведу сапраўды не бракуе. Гэтак выглядаў прадпрымальніцкі пратэст у Менску ў 2008-м годзе. Тады лідар «Перспектывы», якія цяпер заклікае пачакаць, меў такую ж рыторыку, як тыя, хто сёння заклікае выходзіць на Плошчу.

АНАТОЛЬ ШУМЧАНКА, ПРАДПРЫМАЛЬНІК:

«Сітуацыя такая: за плячыма – нашыя семʼі, нам адступаць таксама няма куды. Бо гэта нашае жыццё. І менавіта жыццё прывяло нас на гэтую плошчу».

І магчыма прывядзе ўжо ў бліжэйшы панядзелак. А 12-й гадзіне на плошчы Незалежнасці ў Менску старшыня АГП Анатоль Лябедзька анансаваў акцыю салідарнасці пад лозунгам «Я – ІП!».

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары