Прадпрымальнікаў закідалі лістамі з патрабаваннем заплаціць нібыта незаплачаныя падаткі


Шмат якія добрасумленныя прадпрымальнікі з Менску ў межах барацьбы з ілжэпрадпрымальніцтвам атрымалі «лісты шчасця» з падатковай.

Ад іх патрабуюць заплаціць нібыта незаплачаныя падаткі. Пра гэта распавяла БелаПАН віцэ-прэзідэнт Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Лілія Коваль.

«Калі кампанію правяраюць і даведваюцца, што некалькі гадоў таму яна заключала дамову з фірмай, якая сёння лічыцца ілжэпрадпрымальніцкай структурай, заднім чыслом налічваюць да даплаты сумы падаткаў разам з пеняй. Рахункі на выплату такіх сумаў атрымліваюць добрасумленныя прадпрымальнікі – такія вось «лісты шчасця», – распавяла Лілія Коваль.

Яна таксама адзначыла, што прадпрымальнікі часта не хочуць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія ўтрымліваюцца ў гэтых лістах.

«Калі мы прапануем сябрам саюзу аспрэчваць «лісты шчасця», прадпрымальнікі нам адказваюць, што разбіральніцтвы з кантрольнымі органамі могуць абысціся ім яшчэ даражэй», – патлумачыла Коваль.

Старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец падкрэсліў, што рэакцыя прадпрымальнікаў на атрыманне згаданых лістоў цалкам заканамерная.

Відэасюжэт «Белсату» пра апошнія затрыманні бізнесоўцаў

«Калі субʼект гаспадарання вырашыць аспрэчваць фіскальныя патрабаванні, якія прысутнічаюць у «лісце шчасця», да яго прыходзіць праверка. Выніковасць праверак складае ў нашай краіне больш за 90%. Гэта значыць верагоднасць атрымаць штрафныя санкцыі ад правяральных органаў вельмі высокая, таму яны і не спрабуюць апратэстоўваць», – сказаў Аляксандр Швец.

Паводле яго, сітуацыя, калі з-за барацьбы дзяржавы са злачыннымі арганізацыямі пакутуюць добрасумленныя прадпрымальнікі, вельмі негатыўна ўплывае на дзелавы клімат у краіне.

Звярнуліся ў Адміністрацыю Лукашэнкі

У якасці выхаду з сітуацыі, якая склалася, кіраўнік бізнэс-асацыяцыі бачыць стварэнне сістэмы «аднаго вакна», дзякуючы якому добрасумленныя арганізацыі маглі б праверыць сваіх контрагентаў.

Бізнес-саюзы ўжо паставілі пытанне аб неабходнасці ўрэгулявання гэтай сітуацыі перад дзяржавай.

«Мы накіравалі прапановы дзелавой супольнасці па ілжэпрадпрымальніцтве ў Адміністрацыю кіраўніка Беларусі, каб адпаведныя нормы заканадаўства былі перагледжаныя», – распавёў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Маргелаў зʼяўляецца чальцом рабочай групы па стымуляванні дзелавой актыўнасці, створанай у студзені гэтага года па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі. 27 студзеня адбылося першае пасяджэнне групы, на якім разглядаліся арганізацыйныя пытанні яе дзейнасці.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары