Прадпрымальнік? – Працаваць! Баяцца! Плаціць!


Гарадзенскі прадпрымальнік Андрэй Шасцеракоў распавёў «Белсату» пра «тлумачальна-штрафную» практыку кантралёраў, міф «лянівых прадпрымальнікаў», ды пра тое, ці выйдуць ІП пратэставаць.

Андрэй гандлюе верхнім адзеннем на рынку «Паўднёвы» у Горадні з 1997 году. Цяпер ён узначальвае савет прадпрымальнікаў рынку, актывіст грамадскага аб’яднання «Перспектыва». Бярэ ўдзел у паседжаннях працоўнай групы па пытаннях прадпрымальнікаў, створанай пры Міністэрстве эканомікі. У размове з «Белсатам» ён не хавае песімістычнага настрою: апошнія тэндэнцыі ў сферы працы ІП не абяцаюць нічога добрага.

Працуюць, але баяцца

IMG_2291 1
Андрэй Шасцеракоў

Людзі працуюць, але сітуацыя вельмі няпэўная, бо працуюць фактычна «да першай праверкі». Мае чалавек поўны пакет дакументаў або не – усё адно ўсе баяцца. Бо выніковасць праверак падаткавай, як яны самі кажуць, 99.8 % – то бок усе прадпрымальнікі апрыёры вінаватыя. Любая дробязь выліваецца ў канфіскацыі і штрафы.

Афіцыйнага прафсаюзу нідзе няма

Існуе пакуль толькі варыянт прадзяржаўнага прафсаюзу. Але вялікай папулярнасці сярод прадпрымальнікаў ён не мае. Я асабіста яго наўпрост не заўважаю. У папярэднія гады ён займаўся праблемамі прадпрымальнікаў, зараз жа – нават не ўдзельнічае ў працы працоўнай групы. Яны ж абавязаныя былі быць там, але іх няма! За выключэннем «Перспектывы» прадпрымальнікі цяпер не маюць на месцах нічога.

Прадпрымальнік нават не ведае, як запаўняць усе паперы

Бізнесовец зараз мае працаваць з цэлай гарою папераў. Гэта і кніга ўліку праверак, і накладныя, якія трэба выпісваць падчас перасоўвання тавару нават у сваім горадзе… А ты маеш яшчэ касавы апарат, тэрмінал, разліковы рахунак у банку і г.д.

Шмат хто не ведае, як правільна запаўняць гэтыя паперы. Бо за драбнюткае парушэнне ў запаўненні накладаюцца вялізныя штрафы, а часам і сканфіскоўваюць тавар. Неўзабаве дойдзе да таго, што прадпрымальнік за сваім аўто будзе вазіць прычэп з паперамі і бухгалтара там жа пасадзіць або кансультанта.

Усё патлумачаць, калі выпішуць штраф

Адпаведныя органы наўпрост не тлумачаць, што і як запаўняць. Адкрываючы прадпрымальніцтва, сапраўды, не складана атрымаць пасведчанне. Але працэс атрымання рэшты папераў, узгадненняў, інструкцыяў – гэта страшэнна забюракратызаваная сістэма. Прадпрымальнік не можа гэта адолець! Але самае сумнае, што службы, якія гэтым займаюцца, не тлумачаць, не ідуць на кантакт.

Размова з імі адбываецца ўжо падчас праверкі, калі прадпрымальнік атрымае штраф. Тады табе скажуць: «Гэта так варта было зрабіць, а гэта – так…» Але штраф ты ўжо заплаціш!

Мясцовая ўлада чуе, Менск – не

Мясцовую ўладу, якая з намі працуе, я вельмі паважаю. У гарадзенскім аблвыканкаме ведаюць нашы праблемы і даносяць «наверх». Іншая справа, што на гары гэтага не чуюць! Зваротнай сувязі няма – вось у чым праблема.

У нас рэгіёны вельмі моцна адарваныя ад Менску. Усё вырашаецца ў сталіцы, там жыццё бурліць, а рэгіён адасобленыя, самі сабе. То бок мясцовая ўлада ім даводзіць нешта, але ўсё разбіваецца як аб каменную сцяну. Два-тры гады таму мы лічылі, што горш у плане заканадаўства ўжо не можа быць. Аказалася – можа і дайшоўшы да дна мы працягваем капаць…

Міф пра «лянівых прадпрымальнікаў»

Думаю, гэта «наверсе» трэба спытаць, адкуль такія фразы крылатыя бяруцца. Я не бачыў яшчэ ніводнага лянівага прадпрымальніка. Ён не можа быць лянівым, бо як не будзе нічога рабіць – няма сэнсу ў такой працы. Прадпрымальнікі ў нейкім сэнсе авангард грамадства, бо калі ты выбіраеш такі шлях для сябе, то пакруціцца табе давядзецца. Лянівым тут не месца.

Людзі з’язджаюць, боксы закрываюцца

З гарадзенскага Паўднёвага рынку за 2015 год вывезлі 40 гандлёвых боксаў. Толькі за вясну 2016 году, з 1 студзеня па 1 красавіка яшчэ 82 боксы. То бок толькі за тры месяцы гэтага году колькасць вывезеных боксаў у два разы больш, чым за ўвесь 2015-ты! А што будзе бліжэй канцу года? Гэта не выдумкі, а статыстыка ад адміністрацыі.

Шмат хто наўпрост з’язджае з краіны, у Польшчу, напрыклад. Ёсць знаёмыя, якія з’ехалі ў ЗША. Моладзь бяжыць адсюль, у выніку застануцца толькі пенсіянеры.

Працоўная група: маналог ці дыялог?

 

Усе пытанні, якія стаялі перад працоўнай групай вырашаныя або на палову, аоб ніяк. Гэта і патрэбна агучваць на Форуме прадпрымальнікаў, які пройдзе 3 кастрычніка, каб прадстаўнікі аддзелу прадпрымальніцтва міністэрства эканомікі гэта чулі і бачылі. Крокі з боку ўлады палавінчатыя, то бок усе пытанні не вырашаныя. Для прадпрымальнікаў ад часу зімовага супрацьстаяння мала што змянілася, мы стаім на тых жа пазіцыях.

Вуліца – выйсце?

У святле апошніх падзеяў лічу, што не. Гэта канфрантацыя, узмацненне напругі. Шмат якія пытанні можна вырашыць у фармаце дыялогу. На пачатку ў той жа працоўнай групе назіраўся дыялог, але ўжо пасля – толькі маналог улады. Было сумна прыязджаць на гэтыя перамовы з уражаннем, што трапіў на навучальны семінар, дзе нас вучаць, як далей жыць і працаваць…

Перспектыва – новыя падаткі і штрафы

Я аптыміст, але прагноз даволі песімістычны. Калі нічога не зменіцца ў нашых дачыненнях з уладай, варта чакаць павышэння фіскальнай нагрузкі на прадпрымальнікаў, новыя штрафныя санкцыі. Я не веру ў тое, што ўсё будзе ціха і спакойна.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў