Прадоўжылі і абнавілі: санкцыі ЕЗ супраць Беларусі будуць дзеяць яшчэ мінімум год


Рада Еўразвязу яшчэ на год працягнула дзеянне «абмежавальных захадаў» у дачыненні Беларусі.

Рашэнне прынятае ў сувязі з тым, што не ўсе палітычныя зняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а сітуацыя з выкананнем правоў чалавека, законнасці і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не палепшылася значным чынам, гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады Еўразвязу.

Санкцыі, якія ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі, замарожванне актываў і забарону ў’езду асобаў, вінаватых у рэпрэсіях, былі абноўленыя. Еўрапейскія чыноўнікі вырашылі скараціць спіс на 24 чалавекі і 7 прадпрыемстваў.

Краіны Еўразвязу ўвялі абмежаванні ў дачыненні да Беларусі пасля выбараў у снежні 2010 года. У 2012 годзе санкцыі былі пашыраныя.

Раней на прэс-канферэнцыі для расейскі СМІ кіраўнік Беларусі скардзіўся, што ЕЗ увёў санкцыі на паездкі ў Еўропу ягонага «пацана», а таксама некаторых дзяржаўных чыноўнікаў, якія памерлі да сфармавання «чорнага спісу».

Лукашэнка тады запэўніў, што ён не задавальняе Захад, таму што «хоча рабіць палітыку чыстымі рукамі».

Галоўнай умовай паляпшэння двухбаковых адносінаў для Еўропы з’яўляецца вызваленне ўсіх палітвязняў. Улады Беларусі адмаўляюць наяўнасць рэпрэсаваных у краіне.

Нядаўна Кэтрын Эштан заявіла, што ЕЗ будзе ўважліва сачыць за прэвентыўнымі затрыманнямі ў Беларусі.

ДР, belsa.eu

Стужка навінаў