Прадавачка з Расеі: «Яны ўсе да нас рванулі – вашыя беларусы»


Невялікі горад Невель на паўночным захадзе Расеі сёння, хутчэй, успрымаецца як сімвал расейскай глыбінкі. Сляды багатай гісторыі ды відавочны заняпад схаваць ад вачэй немагчыма. Як і тое, што адбываецца на гарадскім рынку і вакол яго. Адметнасць гэтай часткі гораду ў тым, што мала дзе ў Расеі ўбачыш такую колькасць прыезджых з Беларусі, як тут.

«Яны ўсе да нас рванулі – вашыя беларусы», – кажа прадавачка з Невеля.

Госці з Беларусі літаральна апанавалі ўвесь вулічны гандаль. Жыхары гораду падзяліліся, частка бачыць у гандлярах з Беларусі непажаданых тут асобаў.

«Іх ганяюць і нашыя канкурэнты, і міліцыя. Міліцыі яны не слухаюцца. Тады міліцыя тэлефануе на офіс. Прыязджае офіс і ўсіх вывозяць за горад. Усіх гоняць вон», – дадае прадавачка з Невеля.

Іншыя радыя шанцу купіць больш якасныя і танныя тавары.

«Калі мне нешта трэба купіць, я ў іх купляю. Смятану купляю, масла купляю», – распавядае жыхарка з Невеля.

Багажнік аўта пераўтварыўся ў сапраўдны прылавак – у гэтай міні-краме на колах можна набыць самыя розныя харчы. Некаторыя ўдвая таней чымся ў мясцовых пунктах гандлю. Самі прадаўцы вельмі неахвотна дзеляцца падрабязнасцямі сваёй працы.

Адзін з мінусаў такой крамы – гэта, вядома, адсутнасць стоадсоткавай гарантыі якасці прадукцыі. Аднак шмат каму гэта не перашкаджае.

«Я памятаю, як у 90-я з зямлі прадавалі. Сабака хвастом памахала па каўбасе, а мы ўсе яе куплялі», – узгадвае мясцовы жыхар.

Для тых жа, хто не наважыўся купляць беларускае з багажніка, даступная іншая прапанова. Сапраўдная крама пад назваю «Прадукты з Беларусі». Выбар вялікі. Мяса, каўбасы, сала – усе па больш даступных чым у мясцовых гандляроў коштах. Уладальнікі крамы беларусы.

У іншай краме Невеля можна знайсці самыя вядомыя брэнды беларускай лёгкай прамысловасці. «Мілавіца», «Світанак», «Аршанскі лён» – толькі некалькі прыкладаў багатага асартыменту. Што прываблівае расейцаў сюды?

«Беларуская якасць была заўсёды на першым месцы. У сезоне ці перад Новым годам тут вельмі шмат народу. Піцер, Масква – яны вельмі паважаюць тавары з Беларусі, таму прыходзяць і закупляюцца ў нас», – даводзіць прадавачка з Невеля.

Як бачна, жаданне выжыць у часе крызісу нараджае ўсе новыя ідэі заробку. У той час, калі паміж дзяржавамі сістэматычна выбухалі малочныя ці мясныя войны, а прадпрымальніцкі рух у Беларусі аказаўся на мяжы выжывання, Невель пакуль (як надоўга?) застаецца прыкладам іншага жыцця, якое часам да болю нагадвае ліхія дзевяностыя.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў