«Працягванне санкцыяў ні на што не паўплывае. Калі б Еўропа дала грошы рэжыму, заўтра б паўсюль віселі партрэты Пазняка»


Амерыканскі прэзідэнт Барак Оўбама яшчэ на год вырашыў працягнуць санкцыі супраць Беларусі.

Belsat.eu паразмаўляў з палітолагам Андрэем Суздальцавым ці сапраўды гэтае рашэнне нешта азначае для беларускіх уладаў.

Чаму лідар ЗША працягнуў санкцыі, нягледзячы на квазі-пацяпленне стасункаў Беларусі з Еўропай. Ці гэта прадказальнае рашэнне?

«Абсалютна. Бакі чакаюць, хто зробіць першы крок. Зразумела, што Беларусь чакае кроку ў візавым пытанні, а калектыўны Захад – ЕЗ і ЗША – рашэння сітуацыі з палітычнымі зняволенымі. Гэта сімвалічная рэч, але за ёй стаяць жывыя людзі. Калі Беларусь выпусціць палітвязняў, яна зробяць саступку, а для беларускага аўтарытарнага рэжыму такія саступкі смерцепадобныя».

На думку эксперта, беларускі бок цяпер гуляе ў ахвяру і запэўнівае Захад, што патрэбны яму як інструмент у змаганні супраць Расеі.

«Падчас саміту Беларусь пастаянна казала, што знаходзіцца пад ціскам Крамля, і што гэта неабходнасць прымаць такія, а не іншыя рашэнні. Аднак ніякага ціску няма. Беларускі бок дае зразумець: прымайце нас такімі, якія мы ёсць. Лукашэнка завіс над прорваю. Ён спрабуе і там і тут, але прорва занадта шырокая».

Ці паўплывае працяг санкцый на пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне? Увогуле відаць нейкую выніковасць ад абмежавальных мераў?

«Яны ніяк не паўплываюць на беларускую эканоміку. Гэта абсалютна ювелірна зробленыя санкцыі і фарматная рэч. Працяг санкцый не напужае Лукашэнку, бо яны не закранулі самага галоўнага – беларускі рынак угнаенняў і нафтаперапрацоўчы рынак. Адзінае, што больш за ўсё раздражняе беларускую эліту – візавыя абмежаванні».

Можна чакаць, што рашэнне Оўбамы неяк паўплывае на еўрачыноўнікаў і яны таксама прымуць больш жорсткія захады ў дачыненні да Беларусі?

«Гэта ўсё не палітыка, а пытанне грошай. Рэжым Лукашэнкі паталагічна не ўмее зарабляць грошы. Зразумела, што Беларусь хацела б атрымаць фінансавыя рэсурсы ад Захаду хаця б у фармаце Грэцыі. Калі б беларускія ўлады атрымалі такое фінансаванне, заўтра б Менск стаў жорстка антырасейскім, паўсюль віселі б партрэты Пазняка, а Лукашэнка заклікаў бы знішчыць Крэмль. Тады б пачаўся росквіт беларускага нацыяналізму».

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары