Працоўных мігрантаў з Беларусі могуць вызваліць у Расеі ад іспыту па расейскай мове, але не па гісторыі


Адзінага меркавання пра тое, ці дазволіць грамадзянам Беларусі, Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі не здаваць у Расеі абавязковы комплексны экзамен для працоўных мігрантаў, пакуль няма, заявілі распрацоўнікі іспыту.

«Няма сумневу ў тым, што грамадзяне гэтых дзяржаў павінны вызваляцца ад здачы расейскай мовы. Пытанне – ці павінны яны вызваляцца ад модуляў па гісторыі РФ і па асновах заканадаўства», – сказала прарэктарка Расейскага ўніверсітэту дружбы народаў, адна з распрацоўніц экзамену для мігрантаў Анжэла Должнікава ў сераду падчас слуханняў у Грамадскай палаце.

Паводле яе слоў, дыскусіі аб тым, ці трэба здаваць расейскую мову беларусам, абхазцам і асецінам, працягваюцца, і адзінага меркавання ў гэтым пытанні пакуль няма. Должнікава адзначыла, што праціўнікі поўнай адмены комплекснага экзамену сцвярджаюць, што жыхары пералічаных краін па-іншаму вучаць гісторыю, і ім варта нагадаць законы РФ, падае interfax.by.

«Мы праводзілі аналіз падручнікаў гісторыі нашых сумежных дзяржаў у рамках падрыхтоўкі да правядзення гэтага іспыту. І вынік гэтага аналізу паказаў, што ў большасці падручнікаў нашых калег і суседзяў па савецкім прасторы сумесны перыяд пражывання ў рамках СССР трактуецца вельмі неадназначна і далёка не на карысць Расеі. Бываюць адыёзныя рэчы, якія прысутнічаюць у гэтых падручніках, але гэта пытанне дыскусійнае», – сказала Должнікава.

Чакаецца, што ў органы расейскай улады, якія распрацоўваюць папраўкі ў нарматыўныя акты аб здачы комплекснага экзамену, будзе накіраваны пакет рэкамендацый па выніках абмеркавання ў Грамадскай палаце.

Сенатар ад анексаванага ад Расеяй Севастопалю Андрэй Собалеў прапанаваў знізіць планку патрабаванняў на іспыце для грамадзянаў краін Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Комплексны экзамен для мігрантаў з 1 студзеня 2015 года павінны ў абавязковым парадку здаваць усе замежнікі, якія хочуць легальна ўладкавацца ў Расеі на працу. Экзамен складаецца з трох модуляў – па расейскай мове, гісторыі Расеі і асновах расейскага заканадаўства.

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў