Прачытай верш на беларускай мове і атрымай «iPhone»


Мабільны аператар «velcom» вырашыў падтрымаць беларускую мову і арганізаваў чарговы конкурс «Чытаем па-беларуску з velcom». Першы этап рэспубліканскага конкурсу сярод навучэнцаў 7-8 класаў працягнецца да 20 снежня 2017 года.

Конкурс ладзіцца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі.

Каб узяць удзел у конкурсе, вам трэба запісаць відэа, на якім вы чытаеце твор беларускай літаратуры. Відэа трэба апублікаваць у сацыяльных сетках з гэштэгам #чытаемзвэлком або #чытаемзvelcom. А пасля даслаць спасылку на публікацыю на афіцыйны адрас конкурсу — movakonkurs@gmail.com.

Першых пераможцаў назавуць 29 снежня. Яны возьмуць удзел у рэгіянальных этапах конкурсу ў 2018 годзе. Пераможцы рэспубліканскага фіналу атрымаюць «iPhon’ы».

12 снежня на афіцыйным youtube конкурсу зʼявіліся відэа, на якіх замежныя дыпламаты чытаюць беларускія вершы.

У амбасадаркі Швецыі, дарэчы, бездакорная беларуская мова. Толькі паслухайце!

Праект «Чытаем па-беларуску з velcom» – гэта ўнікальны для Беларусі сацыяльна-арыентаваны і адукацыйны праект. Раней праходзіў у форме ўрокаў для малодшых класаў. Першы ўрок прайшоў 8 кастрычніка 2015 года ў менскай школе № 136 з тэатральным ухілам. Выкладчыкамі на першым уроку былі пісьменніца, лаўрэатка Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раіса Баравікова і вядомы беларускі актор і тэлевядоўца Юрый Жыгамонт.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў