Працаўнікі МТЗ: На заводзе хаваюць ад Лукашэнкі трактары і раўняюць асфальт для Колі


Каля прахадной Менскага трактарнага заводу кіпіць праца – спецтэхніка, рабочыя… Адны здымаюць асфальт, іншыя фарбуюць сцены і бардзюры.

На тэрыторыі заводу таксама мітусня – таксама фарбуюць будынкі, косяць траву пад платамі, «рвуць» асфальт. Такое ажыўленне звязана не з пазапланавым суботнікам, а з больш галоўнай падзеяй у вачах адміністрацыі – 15 траўня на завод мае прыехаць кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. З гэтай нагоды кіраўніцтва прадпрыемства дало загад схаваць па розных кутках і завулках прадукцыю – трактары «Беларусь», якія не знаходзяць збыту.

Сёння супрацоўнікам прадпрыемства, якія прызвычаіліся да доўгіх выходных на травеньскія святы, паведамілі, што з панядзелка да пятніцы давядзецца адпрацаваць цалкам – скарочанага працоўнага тыдня не будзе. Дагэтуль на прадпрыемстве цягам некальких месяцащ працавалі толькі 4 дні ў тыдзень, а некаторыя цэхі наагул адправілі ў адпачынак з захаваннем 2/3 заробку. Працаўнікі, якія прасілі не называць іх прозвішчы, кажуць, што хутчэй за ўсё адміністрацыя накіруе іх на ўборку цэхаў і тэрыторыі.

Большасць абураецца, што замест таго, каб хаваць прадукцыю, лепш бы паказалі Лукашэнку, што яе няма куды ўжо падзець.

«Замоваў няма, а прадукцыю выпускаюць, нягледзячы на тое, што і план ужо скарочаны. Які ў гэтым сэнс? Заробкі знізіліся. Прадукцыю прадаць немагчыма. Што будзе далей? Вось і паказалі б, якая тут сітуацыя. Дык не, будуць трактары хаваць за чыгункай, за цэхамі, за будынкамі, каб толькі на вочы не трапілі«, – заўважыў адзін з працаўнікоў.

Іншая ж працаўніца дадала: «Народ жартуе, што асфальт раўняюць, каб Колю зручней было хадзіць, а то ў нашых калдобінах можна і ногі паламаць. На прэміі грошай няма, а тут раптам знайшліся».

ЛЛ, belsat.eu

Стужка навінаў