Працаўнікі бабруйскага заводу абвесцяць галадоўку


Адказ на зварот да Лукашэнкі – адпіска

У сярэдзіне кастрычніка працаўнікі бабруйскага Заводу ТДіА напісалі калектыўны зварот да Аляксандра Лукашэнкі. У лісце яны распавядалі пра дыскрымінацыю з боку адміністрацыі заводу ў дачыненні да Свабоднага прафсаюзу беларускага і прасілі адрэагаваць.

У адказ падпісанты атрымалі паведамленне, што зварот перанакіравалі ў адміністрацыю Менскага трактарнага заводу.

«Мы разумеем, што прэзідэнт наш зварот не чытаў і што далей, з МТЗ, гэты ліст вернецца таму, на каго мы ў ім і скардзіліся – дырэктару ТДіА Аляксандру Аграновічу», – кажуць працаўнікі.

31 кастрычніка, ужо пасля таго, як у адміністрацыі прэзідэнта атрымалі зварот з Бабруйску, былі звольненыя чарговыя сябры Свабоднага прафсаюзу – Мікалай Жыбуль і Алег Шаўчэнка.

Мікалай Жыбуль прапрацаваў на заводзе 30 год, яму засталося да пенсіі 2 гады і 3 месяцы. Алег Шаўчэнка аддаў заводу ТдіА 16 гадоў сваёй працы. Абодва за час працы не мелі ніякіх заўваг ці спагнанняў.

«Калі я запытаўся ў дырэктара, чаму са мной не працягваюць кантракт, ён проста ў вочы мне адказаў: у сувязі з аптымізацыяй працоўных месцаў і цяжкім эканамічным становішчам заводу нам не патрэбныя вашыя паслугі», – кажа Мікалай Жыбуль.

Што будзе рабіць пасля звальнення, пакуль не ведае: «У 58 гадоў цяжка знайсці працу. Да таго ж, дырэктар паабяцаў нам, што ў гэтым горадзе мы працу больш не знойдзем».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

«Гэта ўжо крык адчаю»

Галадаць будуць Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка і яшчэ два звольненых гэтай восенню працаўніка – Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка. Сябры СПБ абяцаюць працягваць галадоўку, пакуль іх не пачуе прэзідэнт. Яны спадзяюцца, што акцыю пратэсту падтрымаюць і іншыя чальцы СПБ, што яшчэ працуюць на заводзе.

«Гэта ўжо крык адчаю працаўнікоў, – кажа Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага. – Калі нават да прэзідэнта немагчыма дагрукацца, калі ў адказ шлюць адпіскі, што яшчэ рабіць? На галадоўку ўлады не змогуць не звярнуць увагу. Яшчэ ўвесну старшыня бабруйскага выканкаму мне казаў – як вы маглі пайсці на гэты крок, падняць такі шум, калі яшчэ можна было размаўляць? Але працаўнікі бачаць, што размаўляць немагчыма, што іх не чуюць, таму ідуць на крайнія захады».

У сакавіку бягучага году сябры СПБ ужо спрабавалі адстаяць свае правы галадоўкаю. Вынікаў трохдзённая адмова ад ежы не прынесла.

Свабодны прафсаюз беларускі на бабруйскім заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў на працягу ўжо некалькіх год цярпіць сталы ціск з боку адміністрацыі заводу. Каб прымусіць людзей выйсці са Свабоднага прафсаюзу, кіраўніцтва заводу ўжывае розныя метады – спрабуе падкупіць, абяцае грошы за пераход у афіцыйны прафсаюз, пазбаўляе дадатковых выплатаў і забараняе карыстацца бібліятэкай і фізкультурным комплексам на заводзе, пагражае звальненнямі. Калі подкупы і пагрозы не дапамагаюць – з сябрамі СПБ не працягваюць кантракты.

Каментаваць сітуацыю журналістам адміністрацыя заводу адмаўляецца.

Алена Краўчанка, belsat.eu

Стужка навінаў