Праблемы Астравецкай АЭС. Ці прыме Еўропа беларускую электраэнергію?


Ці ўдасца афіцыйнаму Менску ўгаварыць Варшаву купляць электрычнасць з атамнай электрастанцыі? Гэта моцна залежыць ад пазіцыі Вільні, зусім побач з якой будуюць Астравецкую АЭС.

Атамная энергія – такая танная і простая. Кідай уран у рэактар, грэй ваду, круці турбіны і падлічвай прыбыткі. Прыгажосць!

Але толькі пакуль няма аварыяў, выцякаў, баявых дзеянняў, тэрарызму і кібератакаў. Тады толькі і размоваў, што пра нукліды, дазіметры, пухліны і зоны адсялення.

Балтыйскія краіны-сёстры – Літва і Эстонія – не так даўно разам з Польшчай планавалі пабудаваць атамную станцыю ў Вісагінасе, побач з заглушанай Ігналінскай АЭС, каля мяжы з Беларуссю. Але як палічылі, аказалася невыгодна, з усімі выдаткамі на бяспеку. І вось АЭС будуе братэрская Беларусь, і Вільня – у зоне адсялення.

Чытайце таксама >>> Беларусь прапаноўвае Польшчы набываць энергію з БелАЭС

«З Астраўцом відавочная праблема, бо экалагічныя выдаткі і рызыкі не ўключаныя ў формулу кошту. У гэткім выпадку Еўропа не павінна прымаць такой электраэнергіі на свой рынак», – кажа прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд.

Менавіта пра гэта Літва і прасіла сваіх суседзяў.

«Я вельмі ўдзячная за такі ясны мэсідж пра Астравец», – дзякуе сваёй эстонскай калезе прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Для Літвы, якая інвеставала вялізныя сродкі ў энергетычную незалежнасць, рызыка не толькі ў магчымых аварыях у Астраўцы. Наколькі бяспечна купляць электрычнасць са станцыі, пабудаванай расейцамі на расейскія грошы, з расейскім палівам? Ды яшчэ і часткова кіраванай «Росатамам». Як будзе трэба, Масква адключыць і газ, і святло.

«Існуе і палітычнага кшталту заклапочанасць: ці можна гэтую адносна танную энергію прадаць за мяжу, а, дакладней, у краіны Еўрапейскага Звязу? Людзі баяцца палітычнай залежнасці ад пастаўшчыка электрычнасці», – упэўнены Крыстян Эгенгофэр, палітолаг «Center for European Policy Studies».

Калі ў другім туры парламенцкіх выбараў большасць месцаў у Сейме атрымаў «Звяз зялёных і сялянаў», літоўскія праціўнікі АЭС радаваліся. Усё ж гэтая партыя прапісала непрыняцце атамнай энергіі ў выбарчай праграме. Цяпер «Зялёныя сяляне» вядуць перамовы з кансерватарамі і сацыял-дэмакратамі аб кааліцыі, прапаноўваюць партнёрам пост спікера.

«Перамовы ідуць найперш аб каштоўнасцях, аб праграмах, а потым ужо аб фармаванні кааліцыі», – кажа кіраўнік «Звязу зялёных і сялянаў» Рамунас Карбаўскіс.

Але пасля выбараў літоўскія эксперты выказваюць трывогі аб каштоўнасцях кіраўніка гэтай партыі.

««Звяз зялёных і сялянаў» абяцае працягваць тую ж замежную палітыку Літвы. Але ёсць факты, што кіраўнік партыі Рамунас Карбаўскіс мае моцныя бізнес-сувязі з Расеяй, і гэта можа стварыць рызыку выкарыстання гэтых сувязяў для ўплыву на палітыку кааліцыйнага ўраду», – мяркуе Рамунас Вільпішаўскас, дырэктар Інстытуту міжнародных адносінаў Віленскага ўніверсітэту.

Аграрый-магнат Рамунас Карбаўскіс звязаны з Масквой не толькі праз гандаль. Ягоны родны брат Міндаўгас кіруе Маскоўскім акадэмічным тэатрам імя Маякоўскага. Літоўскія эксперты кажуць, што гэта немагчыма без згоды Крамля. Выпадкова ці не, але ранейшыя дзеянні партыі Карбаўскіса супалі з інтарэсамі Крамля ў рэгіёне. Аграрыі настойвалі на рэферэндуме аб уваходзе Літвы ў НАТО, блакавалі распрацоўку сланцавага газу і пабудову той самай АЭС у Вісагінасе. А вось у пытанні Астравецкай АЭС «Звяз зялёных і сялянаў» праявіў падвойныя стандарты, кажа Віціс Юрконіс.

«Калі было пытанне па Вісагінасу, яны запрашалі і расейскіх калегаў з Калінінграда, і беларускіх калегаў з Астраўца, і ўсіх, хто супраць атамнай энергіі. Але самі так ахвотна не ездзілі ні ў Менск, ні ў Астравец, і не пікетавалі, і не абмяркоўвалі гэта ў канферэнцыях», – кажа Віціс Юрконіс з Інстытуту міжнародных адносінаў Віленскага ўніверсітэту.

Нават супернікі «зялёных аграрыяў» – кансерватары – зрабілі больш, сабраўшы подпісы для законапраекту аб забароне імпарту і транзіту атамнай электрычнасці з Астраўца. Сейм пакуль разглядае гэты закон.

«Калі Літва будзе ўпарта трымацца пазіцыі, што мы не будзем краінай транзіту, тады спатрэбіцца больш інвестыцыяў, каб маглі наўпрост працаваць з Польшчай», – кажа Віціс Юрконіс.

Хто тады заплаціць за пабудову лініяў электраперадачы ў Польшчу? Беларусь? Ці «Росатам»? Гэтая паўцывільная-паўваенная дзяржкарпарацыя актыўна будуе новыя АЭС у Расеі – у тым ліку ў Калінінградскай вобласці, пабудавала АЭС у Іране, Індыі і Кітаі, плануе і будуе атамныя станцыі ў Бангладэшы, Вʼетнаме, Турцыі, Вугоршчыне і Фінляндыі. Ад паслугаў «Росатаму» якраз на гэтым тыдні адмовілася Балгарыя. Каб не губляць сваіх пазіцыяў на рынку, «Росатам» будзе прымушаць Беларусь дамовіцца з суседзямі аб імпарце электрычнасці. Таннай электрычнасці – на першы погляд.

Відэасюжэт выйшаў у праграме «Прасвет». Прапануем вашай увазе апошняе выданне:

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў