Праблему смяротнага пакарання ў Беларусі абмяркуюць у Бруселі і Страсбургу


Актывісты Праваабарончага цэнтру «Вясна» і FIDH на наступным тыдні сустрэнуцца з прадстаўнікамі Еўрапейскага Звязу і Савету Еўропы. Праваабаронцы абмяркуюць праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі.

На сустрэчах у Бруселі і Страсбургу праваабаронцы прадставяць падрыхтаваны ў 2016 годзе сумесны даклад FIDH і ПЦ «Вясна» пад назваю «Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах».

Разам з праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Андрэем Палудам з «Вясны» і Сашай Кулаевай з FIDH 6 і 7 лютага ў Бруселі ўдзел у сустрэчах з прадстаўнікамі Еўразвязу возьме адмысловы дакладчык ААН Міклаш Харасці.

«Пасля амаль паўтары гадоў перапынку, практыка прымянення смяротнага пакарання была адноўлена ў красавіку 2016 года, пасля таго, як ЕЗ адмяніў большасць абмежавальных мераў, якія былі ўведзеныя у дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека. ЕЗ мусіць недвухсэнсоўна заявіць пра сваю пазіцыю, згодна з якой мараторый на смяротнае пакаранне зʼяўляўся б адным з «асноўных рэальных крокаў», якія вызначаюць будучую палітыку ЕЗ у дачыненні да Беларусі», – падкрэсліваюць аўтары дакладу.

У праваабаронцаў запланаваны шчыльны графік сустрэчаў.

6 лютага працоўны дзень распачнецца з прэсавай канферэнцыі, арганізатарам якой выступіў офіс ААН у Бруселі (11:00–12:00 па мясцовым часе). У другой палове дня пройдуць слуханні ў Падкамітэце па правах чалавека Еўрапарламенту (15:00–16:30 па мясцовым часе). Іх можна будзе глядзець онлайн а 17:00 па менскім часе.

7 лютага адбудзецца шэраг сустрэчаў – з амбасадарамі краінаў Еўразвязу і членамі рабочых групаў ЕЗ – COHOM (група па правах чалавека) і COEST (група па Усходняй Еўропе), а таксама са адмысловым прадстаўніком ЕЗ па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам.

ВД, паводле spring96.org

Стужка навінаў