Лявон Анацка цягам двух гадоў бегае 24-гадзінныя марафоны. Як адзіны беларус, ён прэзентаваў краіну на апошнім міжнародным чэмпіянаце ў Бэлфасце. «Белсат» даведаўся ў спадара Лявона, як пераадолець сябе, дасягнуць мэты і застацца маладым.
Некалькі дзён назад Лявон Анацка вярнуўся з двухдзённага марафона ў Празе з вынікам 256 км. Перад гэтым беларус прывёз неблагі вынік з Англіі, пераадолеўшы 165 км за суткі ў забегу на чэмпіянаце свету ў Бэлфасце. Сярод 400 удзельнікаў спадар Лявон адзіны прэзентаваў Беларусь і ў сваёй узроставай катэгорыі заняў 4-е месца.
«Шмат хто пабаяліся, бо, вядома ж, трапіць у Англію з Беларусі досыць цяжка. Шэнген там не дзейнічае, прыйшлося візу вырабляць, а гэта вельмі складана. Прычым па маім заробку будаўніка на абутковай фабрыцы, як высветлілася, 105 фунтаў – гэта дзённы заробак таго англічаніна, што будзе мяне ў Англію пускаць. Прыйшлося папацець, каб сабраць нейкія там дывідэнды рэальныя, якія я атрымоўваю. Затое цяпер маю візу. Планую на Раство ў Лондан паляцець, а перад гэтым будзе забег у Барсэлоне, а пасля гэтага, 31 снежня хачу прыняць удзел у забегу ў Капенгагене і там жа сустрэць Новы год», – распавядае пра свае планы беларускі бягун.
Спадар Лявон з гонарам паказвае нам сваю спартовую форму:
«Усё ў бел-чывона-белым. Гэта мая цішотка была, я вам пакажу. Дзе лацінкай пачынаецца, я стартаваў, а вось з кірыліцай я ўжо фінішаваў. Я хацеў, каб Беларусь было бачна. Адзеў на ангельскай мове цішотку, стаў самы апошні, пабег і паціху стаў усіх абганяць, каб усё ж такі яны прачыталі. Страціў хвілінку, але мне было прыемна. У выніку прабег роўна 100 кругоў. Усе да сотні або болей за сотню, а ў мяне такі круглы вынік атрымаўся».
На апошнім чэмпіянаце ў Белфасце ўдзельнічала каля 400 чалавек з 40 краін свету, пры чым сярод жанчын прадстаўніца Польшчы Патрыцыя Бэрэзноўска пабіла новы сусветны рэкорд – 258 км за суткі! Сярод мужчын наперад выйшаў японец, пераадолеўшы 267 км.
Спадар Лявон дае парады тым, хто хоча прабегчы марафон.
«Па-першае, добры абутак! Бо я, як патрыёт і прадстаўнік Лідскай абутковай фабрыкі, набыў сабе нейкія красоўкі нашага вырабу. У выніку такія мазалі націраў, што цалкам ад усёй стапы адыходзілі. Цяпер перайшоў на больш салідны абутак. Не буду казаць, каб не рабіць рэкламы. А па-другое: любіць жыццё, быць шчаслівым і ведаць, і верыць, што дойдзеш да раніцы. Быць цярплівым і самае галоўнае, хутка не стартаваць. Бо гэта як у жыцці: у 18 гадоў можна так загуляць, што потым у 25 ні здароўя, ні сіл, ні жадання. А я вось хачу паказаць, што можна быць шчаслівым і здаровым і на другой палове жыцця».
Як распавядае спадар Лявон, у дзяцінстве ён 12 разоў перахварэў на запаленне лёгкіх, а на першым курсе інстытуту пастаянна цярпеў на павышаны ціск. Але гэта не перашкодзіла яму адчуваць сябе здаровым і шчаслівым.
Што датычыць харчавання, то 55-ці гадовы спартовец стараецца прытрымлівацца вегетарыянскай ежы. Галоўнае – каб хутка засвойвалася.
«Перад Бэлфастам я ўвогуле два месяца нічога мяснога не еў. Пры бегу і ўвогуле такой цяжкай працы, трэба есці ежу, якая хутка засвойваецца. Я вельмі люблю кефір, якую-небудзь агародніну, ягады, магу яблыкаў шмат з’есці. І яно адразу ў кроў ідзе і гэта дапамагае. Бо калі твае ныркі недзе не спрацоўваюць на 12-й гадзіне і пачынае ўся ежа ад стомленасці не прымацца. А ў мяне апетыт страшэнны. Я калі іду, ем усё запар, звычайна іду і ем на хаду. Ну і з вадой. Я з дзяцінства ў лесе суткі без вады мог абыходзіцца. Ну праводзіў эксперыменты некалі для сябе, 68 гадзін сухой галадоўкі, і нармальна сябе адчуваў».
Як узгадвае спадар Лявон цярплівасць і ўмеранае спажыванне ежы дапамагала часам і ў іншых сітуацыях. Да прыкладу на допытах КДБ падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, калі ён узначальваў назіранне за выбарамі ва ўсёй Гарадзенскай вобласці.
«Калі мяне вызывалі на допыт, дык ужо гэты кгбіст спяшаецца да хаты ісці, а я «нее…». Давайце на беларускую мову перакладзем пратакол. І мы пакуль гадзінку перакладалі, другую, трэцюю. А цяпер давайце пытанні задаваць. А яму ўжо жонка тэлефануе. А я – есці не хачу, піць не хачу і курыць, – не куру. Магу сядзець там колькі заўгодна. Не-не-не, давайце яшчэ. Я замучыў яго так, што ён ужо ўсё: ідзіце, ідзіце, ідзіце», – узгадвае грамадскі актывіст.
Лявон Анацка каля 20-ці гадоў узначальвае лідскі філіял «Таварыства беларускай мовы», дзейнічаў у Беларускім хельсінкскім камітэце, працаваў у Фондзе Льва Сапегі, каля 8-мі год быў дэпутатам гарадской рады ў Лідзе. Цяпер спрабуе навязаць супрацу з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, па пытанні пашырэння беларускай мовы. Аднак яго лісты ў федэрацыю пакуль вяртаюцца назад без адказу.
Наступны чэмпіянат свету па сутачным бегу будзе праходзіць у Аўстрыі ў 2019-м годзе, на які спадар Лявон хоча сабраць каманду з Беларусі. У нашай краіне 24-гадзінны бег не праводзіцца, максімальныя забегі па 12 гадзінаў, але, як кажа спартовец, «бегуноў у нас хапае».
«У клубе «Рэгіён», хачу адзначыць, што на марафоне мяне даганяюць некаторыя сябры з 39-га і 36-га года і прыходзіцца з імі змагацца! Так што, думаю, мне яшчэ бегаць і бегаць!»
Паўліна Валіш belsat.eu