«Прабег 1,5 км – і спынілася сэрца». Падчас здачы нарматываў памёр супрацоўнік турмы


21 чэрвеня родным 40-гадовага Вадзіма Ільюшонка паведамілі, што ён памёр на стадыёне адразу пасля кросу. Паводле сваякоў, летась яму знялі групу ЛФК, нягледзячы на праблемы з сэрцам, піша tut.by.

Вадзіму Ільюшонку было 40 гадоў, у турме прапрацаваў больш за 20.

«Пра тое, што Вадзім памёр, нідзе не паведамляецца, але ж гэта надзвычайнае здарэнне. Нам толькі кажуць: «Чакайце», – уздыхаюць сваякі. – Год таму Вадзіму знялі групу лячэбнай фізічнай культуры (ЛФК), гэта значыць раней ён не бегаў кросы, а цяпер стаў. Напярэдадні ў Вадзіма схапіла сэрца, яго выратавалі і ўсё адно прымусілі бегчы. У памяць урэзалася размова, як угаворвалі яго напярэдадні не бегчы».

Як распавядае сям’я Ільюшонка, гадоў шэсць у мужчыны былі праблемы з сэрцам, ціск быў павышаным. Мінулы раз нарматывы старшы кантралёр здаў «павольна і цяжка».

«Ускрыццё паказала: у яго была ішэмічная хвароба сэрца. На якой падставе тады знялі ЛФК? Там жа працуюць людзі ва ўзросце, і чаму яны павінны бегаць у гэтую спякоту?», – пытаюць сваякі.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў