Пра «следака» з філфаку, «маскі-шоу», гендар і паэзію. Шчырая размова з Някляевым


Беларускі паэт, празаік, грамадскі і палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў распавядае пра тое, чаму ён усцешыўся, калі трапіў у турму пасля Плошчы ды якой ён бачыць сённяшнюю беларускую літаратуру.

Прэзентацыя новай кнігі Сяргея Шапрана «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» адбылася ў Горадні. Над гэтай кнігай пісьменнік працаваў цягам сямі гадоў. Разам з аўтарам у Цэнтр гарадскога жыцця, дзе адбывалася сустрэча, завітаў і герой выдання – паэт Уладзімір Някляеў. Размова з прысутнымі атрымалася вельмі душэўнай і даволі філасофскай. Мы сабралі самыя трапныя думкі і выказванні Уладзіміра Някляева, якія, цалкам магчыма, калі-небудзь увойдуць у будучую «завершаную» частку біяграфіі беларускага творцы.

Пра паэзію

Прэзентацыя кнігі Сяргея Шапрана “Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія” ў Горадні. Фота -Паўліна Валіш/Белсат

Я не ўмею пісаць вершы. Я ніколі не пісаў вершы. Яны ці здараюцца, ці не. І тады яны проста запісваюцца.І гэтыя моманты – самыя шчаслівыя не проста ў лёсе паэта, а ў жыцці чалавека. Гэты стан, які называецца натхненнем, наагул непараўнальны. Яго немагчыма вытлумачыць таму, хто не адчуваў, што гэта такое. Калі скласці ўсе адносіны з жанчынай у самых інтымных момантах, яно ўсё роўна іншае. Я не кажу, што лепш, але гэта нешта незвычайнае. Ты проста сам сабе здзіўляешся. Як Пушкін прысніў «Прарока». Гэта здараецца рэдка. Так я пісаў у маладосці паэму «Маланка». Я тыдзень не спаў і нават не заўважыў гэтага. Напісаўшы, рухнуў. А потым думаю, Божа, хто гэта напісаў? Почырк мой.

Мы паэты, як пеўні кукарэкаем. А можа нехта і не хоча слухаць таго, што мы кукарэкаем? Можа, ён чакае нейкіх іншых спеваў?

Пра літаратуру

Ніколі нельга загадзя ведаць, што вырасце з таго ці іншага нашага ўчынку, з той ці іншай сустрэчы з чалавекам. Ніколі нельга запраграмаваць жыццё гэтак, каб было скрозь ва ўдачах і знаходках. І непазбежна будуць страты і непазбежна будуць падзенні. Будзе ўсё, чым ёсць жыццё. І вось гэта ўсё, чым ёсць жыццё, – гэта і ёсць, па-сутнасці, літаратура. Не сама літаратура, а яе хлеб.

Сёння, азіраючыся назад, на тыя савецкія часы, калі літаратура была аддзелам прапаганды і агітацыі, калі з літаратарамі цацкаліся, калі дастаткова было быць савецкім пісьменнікам, каб стаяць у чарзе на кватэру, на лецішча, на машыну, незалежна ад таго, якога ўзроўню ты літаратар. Тады людзі перліся ў літаратуру, бо гэта давала дабрабыт. А калі гэтага не стала, для многіх гэта было катастрофай. А насамрэч адсеялася ўся гэтая «брація», якая толькі кармілася.

Калі ты сёння вырашыў займацца літаратурай, то мэты і задачы абсалютна іншыя. У нашых умовах засталіся практычна толькі тыя, для каго літаратура – спосаб жыцця. І ўзровень тэкстаў маладых людзей, нават у параўнанні з тым, што я ў маладосці пісаў і ці многія іншыя тагачасныя паэты, значна вышэйшы. Пры чым ва ўмовах практычнага знікнення мовы. І гэта фенаменальна, што ў гэтых жахлівых умовах узровень сучаснай беларускай літаратуры абсалютна параўнальны з узроўнем літаратуры ў любой еўрапейскай краіне.

Пра гісторыю

Уся гісторыя – гэта не тое, што было, а тое, што пра яе напісана.

Пра палітыку

Я, калі ў палітыку папёрся, таксама думаў, што нешта буду вырашаць. Вырашаць лёсы нашай радзімы. Не сказаць, што ўсё не ўдалося, але канешне… Мне шмат хто з маіх блізкіх казаў: «Паглядзі, ты згубіў дзесяць гадоў на тое, што не прынесла выніку». Насамрэч так, калі рэальна, груба да гэтага адносіцца. Што такое палітыка? Барацьба за ўладу. Не выйграў ты ў гэтай барацьбе – усё. Усё астатняе не лічыцца: што ты там хацеў зрабіць, як ты там мучыўся, як цябе збівалі – нікога не цікавіць. Прайграў, то спакойна адсунься ўбок. Яно так, але гэта досвед. Даволі цяжкі. Але любы адмоўны досвед – гэта таксама досвед.

Пра гендарную роўнасць

Быў трэнд ісці ў палітыку, калі Еўразвяз быў скіраваны на тое, каб дапамагаць беларускім палітычным сілам, якія змагаюцца за змену ўлады. Рэальна, ішлі грошы, гранты і ўсё астатняе. Са зменай палітыкі на дыялог, гранты пачынаюць перакочваць туды, дзе канферэнцыі, семінары па пытаннях дэмакратыі, а самае галоўнае – па гендарнаму пытанню. Я сам за гендарнае вырашэнне… цывілізаванае. Пасля Варшавы, дзе ўсім трэба хадзіць і ручкі цалаваць жанчынам, (што мне падабаецца), прыязджаю ў такую краіну, як Фінляндыя. А там, значыць, феміністкі. І я адной з іх цалую ручку. А яна мне як уляпіла! І я тады думаю, трэба ўсё ж такі гендарную роўнасць. Ну няма ж «равенства».

Пра турму

Там былі дзве катэгорыі гэбістаў. Адны, якія працавалі ў турме КДБ, «дзекабрысты» так званыя. Калі нагналі «маскі-шоў», ім было цалкам напляваць, што ты, хто ты. Я выбачаюся, ногі раставіў і ён гэтай палкай прамежнасць не праміне… Я сустрэўся з чалавекам, які адтуль, з іх. І ён мне распавядаў пра гэты перыяд, як іх рыхтавалі да ўсяго гэтага. Ён кажа: «Паверце, Уладзімір Пракопавіч, я думаў, што вы такі злыдзень, якіх свет не бачыў». І гэта не толькі ён, а ўся гэтая кагорта, усе гэтыя амапаўцы. Іх проста нацкавалі. Але і былі людзі, якія разумелі сітуацыю, якая адбываецца. Гэта зноў жа такі досвед, у якой краіне мы жывём.

Я, дарэчы, такі шчаслівы быў, што ў турме. Значыць – ужо не заб’юць… Бо калі тады з рэанімацыі выцягнулі, я ўсё думаў: павернуць направа – там кальцавая і далей лес. Значыць… А налева, значыць, у горад, – ёсць шанец.

І калі мяне цягнулі на мароз, як кабана (думаючы, відаць, што адзежа непатрэбная), кідалі ў турэмныя сутарэнні… Ведаеце, можна героя з сябе ляпіць як заўгодна, але калі я ўсвядоміў, што я голы на марозе, кінуты на жалезную бляху, што мяне зараз тут кончаць. Але механізм працуе, хімічныя рэакцыі адбываюцца.

Механізм сам сябе ратуе, ён крычыць «каравул, рабі што-небудзь». І калі мяне прыцягнулі туды, а там людзі пры пагонах… Думаю, не будуць пры сведках мяне канчаць. І я думаў, якое шчасце, трапіць у турму…

Абвінавачванне па артыкуле «спроба дзяржаўнага перавароту». Гэта ці пажыццёва, ці да сцяны. І ўсё паказваюць мне нейкія фотаздымкі. Кажуць, што пісталет, гранаты знайшлі ў маім офісе. Нарэзка ідзе і плошчу паказваюць. Людзі ляжаць у крыві, пабітыя, не разабраць жывыя ці не жывыя. Яны кажуць: «Вот, сматрыце, што вы надзелалі. Людзі па вашай віне пагіблі». Госпадзі, я ж не генерал, які пралічвае колькасць забітых пры штурме. Я не магу ўявіць, што па маёй віне нехта нагу зламаў, а тут… І гэта канешне, усё ўздзейнічала моцна. І я, каб выйграць час, кажу: «Я не панімаю вашага рускага языка. Мне патрэбны перакладчык». І яны давай шукаць беларускамоўнага следака. Іх дзесяць тысяч і не знайшлі! Прыпёрся адзін, які толькі мог сказаць, што мовы не ведае, хоць у асабістай справе напісана, што ён скончыў беларускае аддзяленне філалагічнае. І ён прыходзіць. Можа, хвілін 30 ён са мной мучыўся. А потым кажа: «Уладзімір Пракопавіч, я вас прашу как чэлавека…»

І калі парабіліся для мяне адвакаты і сказалі, што ўсё гэта мана і што ніхто не загінуў… Астатняе мне было ўсё роўна. Вы тут што хочаце рабіце, што хочаце выдумляйце.

Пра Беларусь

Калі б я не верыў у Беларусь, я б не займаўся тым, чым я займаюся. Можа быць, я не такі глыбокі вернік, як быў мой дзед. Ён мяне ў чатыры гады навучыў чытаць па Бібліі. Пяты год мне ішоў, а ў яго з вачамі стала кепска. Ён прынёс мне Біблію і кажа, што цяпер ты будзеш маймі вачамі. Літарам вучыў мяне ў агародзе: «Во гэта бульба – літара «б», гэта гарох – літара «г», а гэта агурок – літара «а». Я вельмі хутка запомніў алфавіт і навучыўся.

Нацыянальнасць – гэта не толькі кроў, гэта культура, у якой ты выхаваны. І, нарадзіўшыся пад сценамі Крэўскага замка, маючы дзеда, які ведаў гісторыю, вучыўся ў польскай школе, але быў не дурны і ўмеў адсейваць. Я яшчэ малым ведаў пра ўсіх вялікіх князёў, пра тое, што было ў гэтым замку. І канешне, кім я мог стаць? Беларусам. Нікім іншым. Негледзячы на тое, што бацька – расеец.

Нейкай Боскай верай веру ў тое, што Беларусь у гэтым свеце не знікне. І вось душаць мову – жыве, літаратуру душаць, – жыве, культуру душаць – жыве. З’яўляюцца людзі, якія гэта нясуць, не гледзячы ні на што. Жыве Беларусь!

Пра білборд

Да мяне патэлефанавалі людзі з symbal.by і сказалі, што хочуць зрабіць са мной білборд. Я ім адразу адказаў, што білборд Някляева не толькі нельга будзе павесіць у цэнтры Менску, дзе яны хацелі, але нават у двары каля дрэва, дзе сабака задзірае нагу. На тым я вырашыў, што тэма закрытая. Але яны не спыніліся. Доўжылі, напішыце нам які-небудзь слоган. Ну я і напісаў: «Усміхніся, калі беларус». Яны сказалі, што «гэта паліціка». Чакайце, дзе тут «паліціка»? Але вось прыедзе рускі ці кітаец. Нарэшце яны прыдумалі тых сто слоганаў на выбар і пайшло. І аказалася тое, што аказалася. Білборд павесілі і яго адразу знялі. Я нічога іншага не чакаў, таму мяне гэта не здзівіла. Гэта адсутнасць дзяржаўнага мыслення. Што вам да гэтага, рабяты? У вас жа там нафта, газ па трубах туды-сюды, з адной кішэні ў другую. Але ўсё роўна ўсё кантралюецца.

Пра жыццё

Я на пачатку казаў, што ў маладосці імкнуўся да людзей, каб нешта разумнае пачуць. Але яны ўсе распавядалі пра свае паразы. Рэдка хто ўспамінаў, які быў шчаслівы. Я зразумеў, што ў чалавеку назапашваецца чамусьці не пазітыўная энергетыка, а негатыў. І гэта адна з прычынаў, якая адказвае на пытанне, чаму нашыя дзеці такія. Мы нават не заўважаем, як грузім і грузім іх гэтым цяжарам негатыўнага досведу. Я вырашыў, што нікога сваім цяжарам у жыцці грузіць не буду. Тым больш сваіх дзяцей, няхай гэта ўсё застаецца са мной.

Гэта страшная штуковіна пражыць жыццё і займацца не тым, для чаго ты выбраны…

Не гледзячы на мой не надта пазітыўны, асабліва ў апошніх гадах, жыццёвы досвед і некаторыя расчараванні ў людскім матэрыяле, я ўсё ж такі прыходжу да высновы, што людзей трэба любіць. Бо любіць у нас больш няма чаго. І гэта правільная пазіцыя, не гледзячы ні на што. Няма ў нас нічога апроч нас самых у гэтым свеце і больш нам любіць няма чаго.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў